Паведамленні аб кастынгах, праслухоўваннях і рэгіянальных этапах нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне-2018" не адпавядаюць рэчаіснасці

03.05.2018

Інфармацыйнае паведамленне

Апошні час у сродках масавай інфармацыі і камунікацыі, на розных сайтах і ў сацыяльных сетках з'явіліся публікацыі аб кастынгах, праслухоўваннях і рэгіянальных этапах нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018", па выніках якіх арганізатары абяцаюць выбраць афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на форуме. Звяртаем вашу ўвагу, што такія паведамленні не адпавядаюць рэчаіснасці.

Лічым, што такія публікацыі для прыцягнення ўвагі да дзейнасці некаторых прадзюсарскіх цэнтраў недапушчальныя. У сувязі з гэтым хочам папярэдзіць ініцыятараў распаўсюджвання непраўдзівай інфармацыі, што Белтэлерадыёкампанія пакідае за сабою права звярнуцца ў суд.

Нагадаем, што Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Мінску 25 лістапада. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС).

У хуткім часе Белтэлерадыёкампанія аб’явіць аб пачатку прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018". Адбор будзе праведзены ў адпаведнасці з палажэннем, распрацаваным арганізатарам, і правіламі конкурсу, якія ўстанаўліваюцца Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам.

Па вопыце мінулых гадоў да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі будуць адпавядаць патрабаванням, выкладзеным у палажэнні, якое традыцыйна не прадугледжвае ніякіх папярэдніх рэгіянальных адбораў і конкурсаў.

Палажэнне аб правядзенні нацыянальнага адбору дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" будзе размешчана на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by ў раздзеле "Спецпраекты".

Пераможца нацыянальнага адборачнага тура, які прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2018", будзе вызначаны па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў.

Усе правы, якія адносяцца да правядзення адбору, належаць выключна арганізатару - Белтэлерадыёкампаніі. Просім журналістаў іншых СМІ ўлічваць дадзеную акалічнасць пры фарміраванні рэдактарскай палітыкі.