Памяці Чынгіза Айтматава прысвячаецца

04.12.2018

Прэс-рэліз

Да 90-годдзя з дня нараджэння вядомага кіргізскага і рускага пісьменніка, лаўрэата трох Дзяржаўных прэмій СССР Чынгіза Айтматава тэлеканал "Беларусь 3" пры падтрымцы пасольства Кыргызскай Рэспублікі ў нашай краіне прапануе рэтраспектыву савецкіх кінастужак паводле аднайменных твораў аўтара.

У сераду, 12 снежня, у 10:50 тэлегледачы ўбачаць паэтычную драму Таламуша Акеева "Чырвоны яблык" ("Кіргізфільм", СССР, 1975). Стужка, знятая паводле ранняй навэлы Чынгіза Айтматава, распавядае пра юнака Тэміра, які сустракае дзяўчыну дзіўнай прыгажосці, кахае на адлегласці, употай, сустракае і праводзіць умілаваную ў патоку мінакоў. Але ўзнёслае пачуццё разбіваецца аб прозу побыту: спрабуючы паднесці незнаёмцы прыгожы сімвал сваёй мары аб шчасці - чырвоны яблык, герой сутыкаецца з непаразуменнем і нават варожасцю. Праз некалькі гадоў пасля перажытага, але незабытага ўзрушэння, Тэмір пачынае "нармальнае" жыццё - заводзіць сям'ю, спрабуе дасягнуць гармоніі паміж мінулым і цяперашнім пачуццём…

13 снежня ў 10:20 сацыякультурны тэлеканал прапануе карціну Балатбека Шамшыева "Белы параход" ("Кіргізфільм", СССР, 1975). Адарваныя ад свету сямігадовы хлопчык і шасцёра дарослых жывуць у запаведным лесе. Хлопчык адзінокі. Бацькоў замяняе знаўца народных паданняў стары Мамун. Свет паданняў і прыгожых легенд, які ўспрымае уразлівае дзіця, схільнае да казачнага ўспрымання рэчаіснасці, прыходзіць у супярэчнасць з жорсткай рэальнасцю свету дарослых людзей, занятых уласнымі праблемамі. Дарэчы, за працу над фільмам "Белы параход" Балатбек Шамшыеў і Чынгіз Айтматаў, які адаптаваў для экранізацыі ўласную аповесць, удастоіліся ў 1976 годзе Дзяржаўнай прэміі СССР, а сама стужка атрымала нямала ўзнагарод і прызоў на ўсесаюзных і міжнародных кінафорумах.

Завяршальны фільм тэматычнай акцыі на тэлеканале "Беларусь 3" гледачы ўбачаць у пятніцу, 14 снежня, у 10:45. Драма Генадзя Базарава "Матчына поле" ("Кіргізфільм" СССР, 1967) распавядае аб Талганай, якая нарадзілася і вырасла на кіргізскай зямлі. Трое яе сыноў і муж загінулі на франтах Другой сусветнай вайны, але мужнасць і сілы не пакідаюць жанчыну. Зямля вучыць Талганай змагацца і дае ёй сілы, каб працягваць жыць… 

Присоединяйтесь к нам