Прэс-рэліз
Белтэлерадыёкампанія працягвае падрыхтоўку да Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017", які адбудзецца 26 лістапада ў Тбілісі (Грузія). Нагадаем, нашу краіну прадставіць Хелена Мерааі з песняй "Я самая".
Менш як два месяцы застаецца да прэстыжнага еўрапейскага песеннага форуму. Падрыхтоўка да конкурсу праходзіць у рабочым рэжыме. Графік Хелены Мерааі распісаны на кожны дзень: рэпетыцыі, кансультацыі ў фаніятра, вывучэнне англійскай мовы, удзел у розных канцэртах. На рэпетыцыях разам з камандай прафесіяналаў юная выканаўца адточвае вакальнае майстэрства і дапрацоўвае харэаграфічны складальнік нумара - усё гэта ёй удаецца паспяхова сумяшчаць з вучобай у школе. Таксама вядзецца праца і над стварэннем еўравізійнага гардэроба выканаўцы для з'яўлення на сцэне і чырвонай дывановай дарожцы.
Да штодзённых рэпетыцый дадалася праца, неабходная для далейшага прасоўвання нашай канкурсанткі. Так, 29 верасня адбылася прафесійная фотасесія Хелены. Фатограф Марыя Сцержанова паставіла перад сабою звышзадачу: не проста стылізаваць фотасесію, але і дакладна перадаць настрой беларускай канкурсанткі.

Перад камерамі юная артыстка паўстала ў эксклюзіўных уборах ад беларускіх дызайнераў. Сама Хелена ўжо ў прадчуванні маляўнічых здымкаў і гаворыць, што гэта была самая крутая фотасесія ў яе жыцці.

Атрыманыя здымкі ўпрыгожаць промапрадукцыю, з якой беларуская дэлегацыя адправіцца на конкурс у Грузію. У промапакеце будуць традыцыйныя буклеты, дыскі, паштоўкі, постары, эксклюзіўны пазл і каляндар.
Таксама плануецца стварэнне англамоўнай версіі песні "Я самая". Над тэкстам працуе папулярная спявачка, кампазітар, аўтар песень Рыта Дакота.

Апроч гэтага, 4-5 кастрычніка каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза (ЕВС) Вольга Саламаха прыме ўдзел у традыцыйнай сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін - удзельніц дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017", сустрэча пройдзе ў Тбілісі. На сустрэчы арганізатарам будзе прапанаваны ўвесь пакет матэрыялаў, неабходны для ўдзелу афіцыйнага прадстаўніка Беларусі ў міжнародным форуме.
Нагадаем, падрыхтоўку афіцыйнага прадстаўніка Беларусі да Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017" ажыццяўляе Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў нашай краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.













