Оперная спявачка свету Надзея Кучар выступіць з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі

04.11.2017
15 лістапада ў Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт французскай опернай музыкі ў выкананні беларускай опернай спявачкі Надзеі Кучар і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

Прэс-рэліз

15 лістапада ў Вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбудзецца канцэрт французскай опернай музыкі ў выкананні беларускай опернай спявачкі Надзеі Кучар і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі.

У рамках міжнароднага фэсту "Беларуская музычная восень - 2017" лепшая оперная спявачка свету прапануе мінскай публіцы сольную праграму Salut a la France. Гледачы пачуюць лепшыя фрагменты з такіх опер, як "Дачка палка" Гаэтана Даніцэці, "Лакме" Леа Дэліба і "Казкі Гофмана" Жака Афенбаха, "Рамэа і Джульета" і "Фаўст" Шарля Гуно, "Таіс" і "Ірадыяда" Жуля Маснэ.

Акрамя таго, сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі, апроч музычнага суправаджэння опернай спявачкі, выканае аркестравыя нумары з опер "Кармэн" Жоржа Бізэ, "Самсон і Даліла" Каміля Сен-Санса, "Таіс" Жуля Маснэ і "Вільгельм Тэль" Джаакіна Расіні. За дырыжорскім пультам - адзін з самых імпазантных сучасных беларускіх дырыжораў Андрэй Галанаў.

Салістка Пермскага тэатра оперы і балета Надзея Кучар выступае на лепшых канцэртных пляцоўках, яна лаўрэат 7 міжнародных вакальных конкурсаў. У 2015 годзе оперная дзіва прадстаўляла родную Беларусь на конкурсе прэстыжных спевакоў BBC Cardiff Singer of the World, стала яго пераможніцай і была названая лепшай опернай спявачкай свету.

З адзнакай Надзея скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі па спецыяльнасці "музыказнаўства", а таксама Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю. Спявала на сцэне Міхайлаўскага тэатра, Пермскага опернага тэатра. Надзея Кучар вядзе актыўную канцэртную дзейнасць у Расіі, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Польшчы, Чылі і супрацоўнічае з такімі папулярнымі дырыжорамі, як Даніэль Барэнбойм, Маўрыцыа Беніні, Філіп Жордан, Андрэй Юркевіч і іншыя.

Толькі за час вучобы ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі яна прыняла ўдзел у шматлікіх праектах, выканаўшы партыі Лючыі ("Лючыя ды Ламермур" Даніцэці), Марыі ("Іван IV" Бізэ), Серафіма ("Хрыстос на Маслічнай гары" Бетховена), сапрана ў Рэквіеме Моцарта. Сумесна з дырыжорам Тэадорам Курэнтзісам і аркестрам MusicAeterna запісала праграму твораў французскага кампазітара эпохі барока Рама для лейбла Sony Classical. Таксама таленавітая спявачка дэбютавала ў ролі Мацільды ў патрыятычнай оперы Джаакіна Расіні "Вільгельм Тэль" у Вялікім тэатры Жэневы.