Прэс-рэліз
Рэгіянальны тэлеканал "Беларусь 4" працягвае радаваць сваіх гледачоў насычаным, цікавым, поўным прэм'ер эфірам. Ва ўсіх абласцях Беларусі тэлеаўдыторыя ўжо мела магчымасць ацаніць некаторыя навінкі тэлесезона, таксама ўвазе гледачоў прапаноўваюцца абноўленыя праекты, трансляцыі важных падзей і не толькі…
"Беларусь 4. Віцебск"
У эфіры канала працягваецца паказ праграм, якія ўжо добра знаёмыя гледачам. Гэта і штодзённыя выпускі навін "Віцебскі веснік", і выніковая інфармацыйна-аналітычная праграма "7 дзён", праграма пра культуру і мастацтва "Час Art", перадача "Спартінфарм", праект аб працы праваахоўных органаў "Закон і парадак", перадача "Удачы на дачы" і шмат іншых аўтарскіх праграм. Галоўным вячэрнім праектам па-ранейшаму застаецца "Вячэрні Віцебск".
Таксама ўвазе тэлеаўдыторыі - трансляцыі галоўных грамадска-палітычных, культурных і спартыўных падзей у рэжыме рэальнага часу.
Спецыяльна для спартыўных балельшчыкаў па шматлікіх просьбах тэлерадыёкампанія "Віцебск" ізноў транслюе ўсе хатнія матчы футбольнага клуба "Віцебск" у рамках чэмпіянату Беларусі па футболе - 2017.
Па традыцыі ў эфіры рэгіянальнага тэлеканала знойдуць адлюстраванне і падзеі Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
"Беларусь 4. Магілёў"
Гледачоў чакае шмат эфірных навінак, а некаторыя з іх тэлеаўдыторыя ўжо ўбачыла.
Традыцыйна кожная раніца буднага дня на "Беларусь 4. Магілёў" пачынаецца двухгадзінным прамым эфірам праграмы "Раненька". Сёлета новаўвядзеннем сталі новыя тэматычныя рубрыкі, якія, безумоўна, робяць выпускі больш разнастайнымі.
У аснове прэм'ернага праекта 2017 г. "Павел і яго каманда" - дапамога самотным пажылым людзям і шматдзетным сем'ям Магілёўскай вобласці. Валанцёры на чале з журналістам Паўлам Савіцкім наводзяць парадак у доме і на двары, дапамагаюць у гаспадарцы. "Тут важная і дапамога, і прыклад клопату аб блізкім, і пазітыўнае стаўленне да жыцця", - адзначаюць аўтары праекта.
Яшчэ адна навіна гэтага эфірнага года - творчы тандэм з праграм пра жыццё беларускіх вяскоўцаў "Вёсачка" і "Гісторыя з геаграфіяй".
Таксама ў эфіры "Беларусь 4. Магілёў" - дзень добрага кіно з праектам "Кінавар", дзякуючы якому прагляд класічных, культавых фільмаў стаў цікавым і пазнавальным. Гледачоў чакае сустрэча з работамі Альфрэда Хічкока, Федэрыка Феліні, Сідні Люмета, Марціна Скарсэзэ.
Апроч гэтага, пятніца на канале стала своеасаблівым днём містыкі. У эфіры - матэрыялы пра самыя таямнічыя месцы і здарэнні як у Магілёўскай вобласці, так і Беларусі ў цэлым.
Не застаецца без увагі тэлевізіёншчыкаў і знакавая дата - 750-годдзе Магілёва. У эфіры стартаваў праект "750 падстаў ганарыцца Магілёвам", выпускі якога на працягу года будуць прапаноўвацца ўвазе тэлегледачоў, а таксама радыёслухачоў. Гэта своеасаблівы цыкл замалёвак пра самыя значныя ў гісторыі абласнога цэнтра падзеі, факты і асобы. Важна адзначыць, што ў праекце і самі магілёўцы распавядаюць, за што любяць горад, у якім жывуць.
Істотна абнавіліся ўпадабаныя гледачамі праекты. Да прыкладу, праграма "Альма-матар" зрабіла стаўку на актыўнае суаўтарства прадстаўнікоў маладога пакалення. Памянялі афармленне інфармацыйныя праграмы "Навіны рэгіёна" і "Днямі".
"Беларусь 4. Гродна"
Тэлерадыёкампанія "Гродна" ў гэтым сезоне запусціла некалькі новых праектаў, сярод якіх - адукацыйны праект "Эўрыка" і праграма пра жыхароў сучаснай вёскі "Надзея! На сяло!". Першы распавядае пра маладыя таленты, якія ў юным узросце здолелі знайсці сябе ў жыцці, зрабіць свой уклад у навуку. У другой праграме калектыў аўтараў разам з вядучай Надзеяй Маркевіч завітвае ў госці да вяскоўцаў даведацца, якія клопаты і радасці яны перажываюць і чым жыве сёння вёска.
Яшчэ адна новая праграма "У аб'ектыве натураліста" распавядае аб прыродных асаблівасцях рэгіёна, аб флоры і фаўне Гродзеншчыны.
Апроч гэтага, у эфіры рэгіянальнага канала маюцца вячэрнія ток-шоу, праграма "Проста раніца", праекты для самых патрабавальных гледачоў.
"Беларусь 4. Брэст"
З пачатку года вядомыя рэгіянальныя праграмы змяніліся і сталі яшчэ больш цікавымі і карыснымі для тэлеаўдыторыі.
Напрыклад, штодзённы інфармацыйна-пазнавальны тэлечасопіс "Ранішні эспрэса" павялічыў хронаметраж, і зараз яго можна глядзець з 7:00 да 9:30. Увазе гледачоў прапаноўваецца шмат карыснай інфармацыі з розных сфер жыцця рэгіёна: культуры, спорту, медыцыны, эканомікі. У праекце з'явіліся забаўныя віктарыны, конкурсы і розыгрышы, а таксама астралагічны прагноз. Апроч гэтага, праграма стала больш інтэрактыўнай: тэлегледачы могуць прысылаць СМС-паведамленні, тэлефанаваць падчас эфіру, выходзіць на сувязь пасродкам Інтэрнэту.
Змянілася і афармленне студыі "Ранішняга эспрэса": за кошт усталяваных дадатковых плазменных блокаў "вокладка" праграмы стала больш жывой і цікавай для гледачовага ўспрымання.
Шмат гадоў значную частку аўдыторыі збірае ля экранаў тэлевізараў сацыяльна-эканамічная праграма "Зямля і людзі". Яе структура і ў новым сезоне засталася нязменнай, але цалкам іншай стала тэматыка рубрык. Зараз гледачы могуць убачыць у новым разрэзе ўсе аспекты сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэсцкага рэгіёна.
Змены адбудуцца і ў праграме "Будзем здаровыя", якая раней выходзіла ў фармаце тэлечасопіса. Зараз сустрэча з лепшымі спецыялістамі аховы здароўя будзе праходзіць у студыі, а дзякуючы дыялогу з'явіцца магчымасць больш поўна раскрыць актуальныя пытанні прафілактыкі і аховы здароўя насельніцтва.
Навінкі ўбачаць і гледачы моладзевага ток-шоу "Студыя 21". Па-ранейшаму на працягу праграмы будзе абмяркоўвацца актуальная тэма, але гасцей стане больш. "Гэта дазволіць зрабіць дыскусію больш вострай і ўсебаковай. Бо моладзі падабаецца абараняць свой пункт погляду і спрачацца ў пошуках ісціны", - лічаць стваральнікі перадачы.
"Беларусь 4. Гомель"
У эфіры тэлеканала працягвае выходзіць абноўлены праект - тэлешоу "Добры вечар, Гомель!". "Гэта новы інтэрактыўны варыянт праграмы, але галоўная задача - зрабіць кожны вечар добрым - безумоўна, захавалася", - адзначаюць стваральнікі перадачы.
На канале таксама абмяркоўваецца "Галоўная тэма" - менавіта пад такой назвай выходзіць штотыднёвае ток-шоу.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх балельшчыкаў і аматараў спорту сталі штодзённыя выпускі "Спартыўнага агляду", якія дазваляюць заставацца ў курсе ўсіх падзей.
Апроч гэтага, у гледачоў ёсць магчымасць прыняць удзел у тэлегульні "Эрудыт".
А спецыяльна для малы плануецца запусціць праект "Дзіцячая гадзіна".













