Новыя музычныя праекты і канцэрты ў эфіры “Беларусь 3”

06.09.2017
9-10 верасня на “Беларусь 3” адбудзецца адразу некалькі музычных прэм’ер. Тэлеканал ахопіць класіку, эстрадныя і бардаўскія кампазіцыі ў новых арыгінальных праектах. 

Прэс-рэліз

9-10 верасня на сацыякультурным тэлеканале медыяхолдынга адбудзецца адразу некалькі музычных прэм’ер. “Беларусь 3” ахопіць класіку, эстрадныя і бардаўскія кампазіцыі ў новых арыгінальных праектах. Праграма “Беларусь як песня” знайшла найцікавейшыя звесткі пра артыстаў беларускай эстрады і пакажа рэдкія запісы іх выступленняў 70-80-х гадоў, “Мелодыі лета” сагрэюць аўтарскім выкананнем пад гітару ля вогнішча, а “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” адправяць гледачоў на сапраўдны баль у Нясвіж.

У эфіры “Беларусь 3” ужо з’явіўся шэраг новых праектаў пра айчынных пісьменнікаў і беларускую кнігу ўвогуле, але сацыякультурны канал вырашыў не абмяжоўвацца літаратурай і звярнуцца да скарбонкі нацыянальнай музыкі.

У фондзе Белтэлерадыёкампаніі захоўваюцца шматлікія багацці запісаў эстрадных выканаўцаў 70-80-х гадоў, з якімі гледачоў пазнаёміць новы праект “Беларусь як песня”. Вядучы праграмы, народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў падзеліцца рэдкімі звесткамі і малавядомай інфармацыяй, пра якую, магчыма, не чулі нават самыя адданыя прыхільнікі творчасці Уладзіміра Мулявіна і ансамбля “Песняры”, ансамбля “Верасы”, Віктара Вуячыча і многіх іншых. Так, у першым выпуску праграмы 9 верасня ў 11:05 гледачы даведаюцца, як у “Песняроў” атрымалася адправіць з Камчаткі ў Мінск 150 модных кажухоў і колькі зарабілі на беларускім ансамблі прадзюсары падчас гастроляў у ЗША.

У той жа дзень у 14:20 адбудзецца яшчэ адна прэм’ера праекта 2017 года - “Мелодыі лета”. Традыцыйна Белтэлерадыёкампаніяй быў арганізаваны запіс канцэртаў VIII Міжнароднага музычна-спартыўнага свята “Вялікая бард-рыбалка”, якія цяпер гледачы змогуць убачыць у тэлеэфіры. У суботу серыю музычных праграм распачне канцэрт “Подых струн” з удзелам самых папулярных беларускіх аўтараў-выканаўцаў. Сярод іх Сяргей Антонаў (Мінск), Вячаслаў Клімовіч (Гомель), трыа “Фіеста” (Маладзечна), Сяргей Кулягін (Магілёў) і іншыя.

Далей у межах праекта “Мелодыі лета - 2017” у гледачоў тэлеканала “Беларусь 3” з’явіцца магчымасць пазнаёміцца з музычнай праграмай на вершы ўдзельніка бард-рыбалкі Юрыя Рашанцава “Гардэмарыны, наперад!” і сольным канцэртам мэтра аўтарскай песні Юлія Кіма “Бялее мой ветразь...”; яны зазірнуць на творчую вечарыну Барыса Бляхмана з Ізраіля і пачуюць бард-шансон-праграму Вігантаса Казлаўскаса з Літвы. Фінальным паказам стане папулярны на свяце “Вялікая бард-рыбалка” праект “Суседзі”, дзе госці выканаюць песні на мовах краін іх пражывання (Беларусь, Расія, Украіна, Славакія, Чэхія, Ізраіль, Малдова, Польшча, Літва), а заключным акордам “Мелодый лета” можна назваць канцэрт “Песні для душы”, дзе на біс прагучаць самыя папулярныя кампазіцыі бард-рыбалкі.

10 верасня ў 18:20 да музычных прэм’ер далучацца “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”, запісаныя медыяхолдынгам сёлета. Адкрые лінейку гала-канцэрт “Радзівілаўскі баль”. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь прапаноўвае перанесціся ў атмасферу сапраўднага радзівілаўскага балю, правесці вечар у Нясвіжскім замку і разам з ягонай гаспадыняй, пані Уршуляй, сустракаць гасцей з іх музычнымі падарункамі. У гала-канцэрце прымаюць удзел народныя артысты Беларусі Ніна Шарубіна, Ігар Артамонаў, Вольга Гайко, Сяргей Франкоўскі і іншыя. Вядучая - Ганна Панцялеева.

Далей тэлеканал “Беларусь 3” плануе знаёміць гледачоў з лепшымі творамі сусветнага класічнага мастацтва з рэпертуару Вялікага тэатра. Прэм’ерны паказ оперы П’етра Масканьі “Сялянскi гонар” адбыўся ў дэкарацыях Нясвіжскага замка. Цяпер у гледачоў “Беларусь 3” таксама ёсць магчымасць не толькі ўбачыць яе тэлеверсію, але і даведацца пра гісторыю стварэння оперы. Балет кампазітара Адольфа Адана “Жызель” таксама будзе паказаны на фоне старадаўняга радзівілаўскага замка. Да гісторыі стварэння, лібрэта і нюансаў класічнага балета дадасца незвычайная атмасфера open-air-фестывалю.