Новы тыдзень на "Беларусь 3": адзначаем векавы юбілей народнага пісьменніка БССР Янкі Брыля

25.07.2017
На гэтым тыдні нарадзіліся дырыжоры Юрый Яфімаў і Таццяна Каламійцава, мастак Мікалай Селяшчук, пісьменнік Янка Брыль, артыстка Алімпіяда Шах-Парон, кампазітар Ігар Лучанок, а таксама тэатральны рэжысёр Мікалай Пінігін. У гонар імяніннікаў тэлеканал "Беларусь 3" прапануе шэраг праграм.

Прэс-рэліз

На тыдні з 31 ліпеня па 6 жніўня тэлеканал "Беларусь 3" адзначае не адну значную для беларускай культуры дату. На гэтым тыдні нарадзіліся дырыжоры Юрый Яфімаў і Таццяна Каламійцава, мастак Мікалай Селяшчук, пісьменнік Янка Брыль, артыстка Алімпіяда Шах-Парон, кампазітар Ігар Лучанок, а таксама тэатральны рэжысёр Мікалай Пінігін. У гонар імяніннікаў тэлеканал "Беларусь 3" прапануе шэраг праграм.

Да 100-гадовага юбілею народнага пісьменніка БССР Янкі Брыля культуралагічны канал падрыхтаваў спецыяльныя відэаролікі. Вядомыя творы аўтара будуць чытаць акцёры тэатра і кіно. Напрыклад, урывак з апавядання "Маці" прагучыць у выкананні Мікіты Герашчанкі, а фрагмент з апавядання "Галя" прачытае Паліна Дабравольская.

1 жніўня ў 10.40 тэлегледачы ўбачаць праграму "Святло далёкай зоркі", прымеркаваную да 80-годдзя са дня нараджэння дырыжора, народнага артыста Беларусі Юрыя Яфімава. 2 жніўня ў 10.45 выпуск будзе прысвечаны народнай артыстцы БССР, адзінай жанчыне-дырыжору ў БССР і адной з дзвюх жанчын-дырыжораў у Савецкім Саюзе Таццяне Каламійцавай. 3 жніўня ў 10.40 "Святло далёкай зоркі" ўспомніць мастака Мікалая Селяшчука, 4 жніўня ў 11.35 - пісьменніка Янку Брыля. 5 жніўня ў 23.40 у эфір выйдзе серыя цыкла, прысвечаная 95-годдзю са дня нараджэння актрысы, заслужанай артысткі БССР Алімпіяды Шах-Парон.

У нядзелю, 6 жніўня, "Беларусь 3" адсвяткуе дзень нараджэння кампазітара, педагога, народнага артыста СССР Ігара Лучанка. Яго кампазіцыі ёсць у рэпертуарах аркестра Міхаіла Фінберга, ВІА "Песняры", "Сябры", "Верасы", "Шпакi", Іосіфа Кабзона, Сафіі Ратару, Валянціны Талкуновай, Марыі Пахоменкі, Льва Лешчанкі, Эдуарда Хіля, Віктара Вуячыча і многіх іншых.

Тэлеканал пакажа спецыяльны выпуск праекта "Легенды беларускай эстрады", які выйдзе ў 15.20. А ў 15.50 гледачоў чакае юбілейны вечар Ігара Лучанка "Клапатлівае сэрца", дзе прагучаць любімыя мелодыі і песні.

Вечарам, у 17.15, "Беларусь 3" прапануе новы выпуск арыгінальнага праекта вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Майстры і куміры" з успамінамі аб жыцці і творчай дзейнасці мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Пінігіна, якому 6 жніўня спаўняецца 60 гадоў. А ў 18.10 тэлегледачы ўбачаць спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы "Сымон-музыка", рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога з'яўляецца юбіляр.