Новы год у эфіры каналаў Беларускага радыё

28.12.2016
У апошнія дні 2016 каналы Беларускага радыё падвядуць яго вынікі ў інфармацыйных праграмах, павіншуюць слухачоў з дапамогай забаўных праектаў, падораць самыя лепшыя тэатральныя і музычныя радыёпастаноўкі.

Прэс-рэліз

Да Новага года засталося ўсяго некалькі дзён! У гэтыя апошнія імгненні 2016 каналы Беларускага радыё падвядуць яго вынікі ў інфармацыйных праграмах, павіншуюць слухачоў з дапамогай забаўных праектаў, падораць самыя лепшыя тэатральныя і музычныя радыёпастаноўкі.


radio1.jpgПершы нацыянальны канал Беларускага радыё

2016 год падыходзіць да канца. Якім ён быў для беларусаў, паспрабуюць адказаць журналісты Першага нацыянальнага канала на працягу пераднавагодняга тыдня. А напярэдадні свята і першыя дні 2017, безумоўна, не абыдуцца без яркіх віншаванняў і шчырых пажаданняў.

Праект "Вынікі 2016 года" аж да 30 снежня будзе аналізаваць галоўныя падзеі ў палітыцы, эканоміцы, культуры, спорце, сацыяльным і грамадскім жыцці. У прамым эфіры праграмы "Актуальны мікрафон", такім чынам, будуць падведзеныя вынікі ў асноўных сферах жыцця краіны.

30 снежня ў рамках праекта "Героі года" інфармацыйная праграма "Радыёфакт" запросіць у госці алімпійцаў, заслужаных людзей, адзначаных дзяржаўнымі ўзнагародамі, пераможцаў творчых і навуковых конкурсаў.

31 снежня Першы нацыянальны падвядзе вынікі радыёконкурсу замалёвак/эсэ "Беларускае радыё ў маім жыцці", які праводзіць для сваіх слухачоў - карыстальнікаў сацыяльных сетак. Конкурсныя работы размяшчаюцца на афіцыйнай старонцы канала ў Facebook. Аўтар матэрыялу, які набраў найбольшую колькасць галасоў наведвальнікаў, будзе запрошаны для ўдзелу ў перадачы "Звычайныя гісторыі".

У 23:50 у эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з навагоднім віншаваннем да беларускага народа звернецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

З 30 снежня па 2 студзеня ў эфіры пройдзе "Навагодні віншавальны радыёмарафон". Пасля таго як Першы нацыянальны падвядзе вынікі года, журналісты плаўна пяройдуць у новы 2017 са шчырымі пажаданнямі шчасця і дабрабыту, міру і дабра сваім слухачам. Значна пашырэе хронаметраж віншавальных праграм, каб кожны мог пакінуць віншаванні сваім родным і блізкім.


radiocultura.jpgКанал "Культура"

Канал "Культура" Беларускага радыё таксама падрыхтаваў для сваіх адданых слухачоў шматлікія падарункі.

Святочны эфір пацешыць аматараў тэатра перад мікрафонам. 31 снежня ў 12:30 праграма "Радыё савецкай эпохі" прапаноўвае музычную радыёпастаноўку "У навагоднюю ноч" паводле арабскіх казак.

Далей у праграме "Музычны радыётэатр" прыхільнікаў аперэты чакае сустрэча з творам Імрэ Кальмана "Баядэра".

Праект "Кінакафэ", які выйдзе ў эфір у апошнюю гадзіну 2016 года, прапаноўвае своеасаблівы кінамікс з музыкай з любімых фільмаў. Гэта святочныя песні савецкага экрана і папулярныя навагоднія саўндтрэкі з галівудскіх фільмаў ХХI стагоддзя.

А праграма "Настальжы" прапануе калейдаскоп навагодніх мелодый ужо ў першыя хвіліны новага года.

1 студзеня ў 14:10 у праграме "Хатняя філармонія" прагучыць любімая музыка меламанаў, якая стала сапраўдным сімвалам навагодніх свят, - балет "Шчаўкунчык" Пятра Ільіча Чайкоўскага.

У першы вечар новага года калядную гісторыю "Шчаслівы прынц" паводле твора Оскара Уайльда можна будзе пачуць у перадачы  "Духоўная спадчына".

У праграме "Радыётэатр плюс" у 19:00 прагучыць спектакль з удзелам артыстаў мінскіх тэатраў "Навагодні дэтэктыў" паводле твора Пятра Васючэнкі.

Лейтматывам усіх святочных праграм стане 15-гадовы юбілей канала, які "Культура" адзначае 1 студзеня 2017 года!


radio_bel.jpgМіжнароднае радыё "Беларусь"

Радыё "Беларусь" будзе дарыць святочны настрой сваім слухачам на працягу ўсіх калядных і навагодніх свят.

Журналісты будуць адпраўляць віншаванні на васьмі мовах у розныя краіны і на розныя кантыненты, дзе жывуць замежнікі, якія цікавяцца нашай краінай, і выхадцы з Беларусі. Іх галасы часта гучаць у эфіры радыё "Беларусь". Разам са словамі падзякі за магчымасць пачуць навіны аб радзіме яны перадаюць віншаванні ад суайчыннікаў слухачам міжнароднага радыё.

Пра набліжэнне свят сведчыць і шматлікая пошта радыё "Беларусь". З кожным днём на адрас калектыву радыёстанцыі прыходзіць усё больш маляўнічых навагодніх паштовак са шчырымі пажаданнямі ад слухачоў з Расіі, Польшчы, Германіі, Кітая, ЗША, краін Блізкага Усходу і Паўднёвай Амерыкі, і іншых краін.


STOLITSA-FM.jpgРадыё "Сталіца"

У дні зімовых свят радыё "Сталіца" пацешыць сваіх слухачоў мноствам сюрпрызаў - ад сакрэтаў гатавання спецыяльных страў да займальных віктарын і падарункаў ад праекта "Дзед Мароз і пеўні".

Навагоднімі стануць інфармацыйныя праграмы, у эфіры з'явяцца вясёлыя застаўкі, віншаванні рок-зорак і лепшыя зімовыя рок-н-рольныя хіты, якія напоўняць эфір непаўторнай атмасферай чараўніцтва!

У Новы год "Сталіца" ўсе 24 гадзіны на суткі будзе ствараць выдатны настрой і дарыць прыемныя падарункі сваім слухачам! Апроч гэтага, шматлікія сюрпрызы чакаюць прыхільнікаў "Сталіцы" на афіцыйнай старонцы ў сацсетцы "ВКонтакте".


radiusfm.jpgРадыёстанцыя "Радыус FM"

На апошнім тыдні 2016 года "Радыус FM" напоўніць эфір праверанымі навагоднімі хітамі, адорыць слухачоў загадзя падрыхтаванымі падарункамі і дасць магчымасць прачуць святочную атмасферу пры дапамозе гульнявых рубрык. Штодня дзі-джэі "Радыуса" будуць выконваць ганаровую місію і станавіцца сапраўднымі правадырамі ў свет чараўніцтва, напоўнены толькі пазітывам і выдатным настроем.

Ранішняе шоу "Самая раніца" наладзіць на навагодні настрой дзякуючы тэматычнаму інтэрактыву. Рубрыкі "Усе за стол", "Навагодні экспрэс" і "Самы Новы год" будуць складацца з гутарак з радыёслухачамі пры дапамозе SMS, сацсетак і званкоў у эфір. З 07:00 на навагоднім пасту - Дзяніс Сцяпанаў і Аляксей Пятроўскі. Вядучыя распавядуць пра апошнія навагоднія тэндэнцыі, дадуць карысныя парады ў падрыхтоўцы і сустрэчы свята, паспрабуюць датэлефанавацца камусьці са слухачоў у прамым эфіры, каб павіншаваць яго з надыходзячым.

Днём клопат аб слухачах бяруць на сябе вядучыя Яўгенія Задора, Арсеній Сядоў і Ганна Гардзеева. Яны распавядуць пра апошнія падзеі ў свеце шоу-бізнесу, падагрэюць цікавасць публікі да акцый у сацсетках і на афіцыйным сайце www.radiusfm.by. Суправаджаць іх працу будзе спецыяльны плэй-ліст, напоўнены музыкай пад агульным слоганам: "Той самы момант, калі ўключаеш "Радыус FM" і чуеш навагодні хіт".

З 20:00 да 23:00 слухачоў чакаюць простыя і ясныя заданні на веданне навагодняй эстэтыкі, неназойлівая гутарка з вядучай Вольгай Венскай і, вядома, навагоднія віншаванні за 5 хвілін да заканчэння кожнай гадзіны. Рубрыка "Дай пяць" падрыхтаваная спецыяльна для тых, хто знаходзіцца далёка ад родных і блізкіх.

Эфір 31 снежня цалкам прысвечаны Новаму году. У гэты дзень слухачоў "Радыус FM" чакаюць лепшыя кампазіцыі 2016 у двухгадзінным праекце "Галоўны хіт-парад краіны" з Сашам Белым.

Днём віншаваць слухачоў будзе Яўгенія Задора, а рубрыка "Навагодні чат" звяжа ўсіх у адну вялікую і вясёлую кампанію.

Пасля паўночы пачнецца чатырохгадзінны марафон з танцавальных хітоў, віншаванняў зорак і музыкі нулявых. Дыска-клуб пад жартаўлівай назвай "Смажаны певень" не дазволіць нікому сядзець на месцы!

Сустракайце Новы год на хвалі пазітыву разам з каналамі Беларускага радыё!