Прэс-рэліз
9 жніўня на галоўным канале краіны стартуе новы хранікальна-дакументальны фільм Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Мінулае ўмее чакаць". Журналісты АТН упершыню распавядуць падрабязнасці гучных спраў, якія доўгія гады лічыліся нераскрытымі.
У 2013 годзе ў нашай краіне пачаў функцыянаваць Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Яго галоўная задача - стварэнне ўмоў забеспячэння незалежнай экспертнай дзейнасці і павышэння яе эфектыўнасці. Сёння дзякуючы якасна новым падыходам і выкарыстанню сучасных тэхналогій эксперты профільнай структуры могуць раскрыць самыя заблытаныя злачынствы або знайсці забойцу нават праз дваццаць гадоў і пакараць яго за дзясятак знявечаных лёсаў.
Аўтар фільма Алеся Высоцкая і рэжысёр Сяргей Бараноўскі зазірнулі ў свет судовай экспертызы, які малавядомы шырокаму гледачу. У фільме ўпершыню прагучаць падрабязнасці гучных спраў, якія доўгія гады лічыліся нераскрытымі. Героі праекта - спецыялісты ў розных кірунках: ад генетыкі і біялогіі да медыцыны і трасалогіі - бяруцца за самыя складаныя справы, якія, здавалася, ужо сцерліся з памяці, сведкі не памятаюць важных дэталяў, а час знішчыў апошнія доказы.
Нямыя сведкі кожнай асобнай трагедыі - ДНК з кроплі крыві, сліны або любога іншага біяматэрыяла, кулі, пахі - пры правільным іх разглядзе і вывучэнні прыўзнімуць заслону таямніц у заблытаных злачынствах. На дапамогу тут прыходзіць шырокі пералік разнастайных даследаванняў. Так, напрыклад, дактыласкапічная экспертыза ідэнтыфікуе чалавека па слядах папілярных узораў, а таксама ўстанаўлівае ўласцівасці асобы, якая пакінула сляды, або акалічнасці здарэння.
Доказы, якія дзесяцігоддзямі чакалі свайго часу, эксперты называюць халоднымі слядамі. Сёння яны гатовыя адправіць за краты тых, хто доўгі час заставаўся беспакараным.
Прэм'ера новага хранікальна-дакументальнага фільма АТН "Мінулае ўмее чакаць" стартуе ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" 9 жніўня ў 21:45.













