Прэс-рэліз
З 5 верасня "Беларусь 2" узмацняе серыяльную лінейку. З аўторка па пятніцу ў эфіры тэлеканала з'явіцца сямейны серыял "Помста" і моладзевая шматсерыйная гісторыя "Іх пераблыталі ў раддоме", пасля якой гледачы змогуць убачыць выпускі праекта "Пін_код" у новы час. Не забудзе "Беларусь 2" і пра самых маленькіх гледачоў, якіх чакае спецыяльны паказ лепшай сусветнай анімацыі.
"Беларусь 2" заўсёды ідзе насустрач тэлегледачам. З аўторка тэлевізійны праект "Пін_код" пачне выходзіць у 16:20. Аўтары правялі апытанне сярод падпісчыкаў афіцыйнай групы праграмы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" (больш за 18 000 чалавек!), і па іх жаданні ў новым сезоне праект будзе выходзіць у эфір на гадзіну пазней.
Нагадаем, праграма "Пін_код" разлічаная на аўдыторыю гледачоў 12-18 гадоў, таму стваральнікі праграмы арыентуюцца на тэмы, якія хвалююць навучэнцаў сярэдняй і старэйшай школы. У сезоне 2017-2018 тэлегледачы разам з вядучымі праграмы абмяркуюць адносіны з аднакласнікамі і настаўнікамі, канфлікты бацькоў і дзяцей, пагрозы, якія нясе сучаснае жыццё (небяспечны Інтэрнэт, сумніўныя сувязі), неадназначныя захапленні дзяцей за межамі навучальнай установы. У кожным выпуску праграмы ў студыю будуць запрошаныя кампетэнтныя госці, якія, у першую чаргу, цікавыя школьнікам. Гледачы змогуць атрымаць самую разнастайную дапамогу: псіхалагічную, прававую, інфармацыйную.
Аўтары праекта адзначаюць, што за час кожнага прамога эфіру ў тэматычны чат vk.com/pin_kod2015 прыходзіць каля 200 паведамленняў не толькі ад вучняў, але і ад людзей старэйшага пакалення. Пра высокую цікавасць гледачоў гавораць і долі глядзення праграмы. У канікулярны час, паводле аналітычных звестак, найбольшую цікавасць у падлеткаў выклікалі тэмы: "Спіс літаратуры на лета. Як адолець увесь і ці трэба?", "Незвычайныя спосабы падзарабіць улетку", "Я ўвесь час хлушу. Як з гэтым змагацца?", "Сяброўка забрала хлопца з-пад носа", "У мяне самыя крутыя і сучасныя продкі", "Першы секс: калі варта пачаць гутарку пра гэта?", "Выхаванне пугай і пернікам" і іншыя.
Праект інтэрактыўны, што дазваляе ў прамым эфіры тут і зараз знаёміцца з меркаваннямі гледачоў, адказваць на іх пытанні, фарміраваць тэмы, якія хвалююць менавіта школьнікаў. Гледачы таксама адпраўляюць лісты на электронную скрыню праекта pinkod.b2@gmail.com, у якіх яны не толькі разважаюць на цікавую ім тэму, але і выказваюць гатоўнасць стаць героямі праграмы. Аўтары найболей цікавых, глыбокіх і праблемных паведамленняў запрашаюцца ў студыю.
У тэлесезоне 2017-2018 у "Пін_кодзе" будзе новае афармленне студыі і арыгінальная графічная ўпакоўка, а ў камандзе "рулявых" эфіраў з'явяцца новыя вядучыя.
З 5 верасня кожнаму выпуску праграмы "Пін_код" у 15:20 будзе папярэднічаць чарговая серыя новага моладзевага серыяла "Іх пераблыталі ў раддоме" (ЗША, 2011-2015).
Серыял распавядзе гісторыю Бэй Кеніш, якая падчас школьнай лабараторнай работы выяўляе, што яе група крыві не супадае з групай ні аднаго з яе бацькоў. Западозрыўшы нядобрае, Бэй вырашае правесці ДНК-тэст, і аказваецца, што яна не з'яўляецца дачкой Кенішаў. Яны вырашаюць адшукаць біялагічных бацькоў Бэй і сваю сапраўдную дачку.
З аўторка ў 9:05 раніцай і ў 18:55 вечарам гледачы змогуць сачыць за перыпетыямі серыяла для ўсёй сям'і "Помста" (Турцыя, 2013). Героямі шматсерыйнага фільма з'яўляюцца бацька і дачка: шчаслівая, мірная, маленькая сям'я. Уладальнік банка, якім кіраваў бацька сям'і Адыль, сам абкрадае банк і вешае віну на Адыля. Бацька не можа даказаць сваю невінаватасць і таму прыгавораны да турэмнага зняволення, а яго дачку Дэрын адпраўляюць у дзіцячы дом. Бацька і дачка больш не могуць бачыць адно аднаго, але за гады, праведзеныя ў дзіцячым доме, Дэрын пачынае верыць у вінаватасць бацькі і асуджае яго. У Адыля ў турме было толькі адно жаданне: каб Дэрын зразумела, што ён быў невінаваты, - і ўвесь час знаходжання ў турме бацька вёў дзённік. Праз шэсць месяцаў пасля яго смерці Дэрын на сваё 18-годдзе атрымала гэты дзённік. Яна зразумела, што віны бацькі не было, і зараз у Дэрын ёсць 2 шляхі: усё забыць і пачаць новае жыццё або адпомсціць за смерць бацькі. Дэрын выбірае помсту…
Для сваіх юных гледачоў "Беларусь 2" падрыхтаваў спецыяльны паказ лепшай сусветнай анімацыі. 9 верасня ў 11:45 у эфір выйдзе прэм'ера мультфільма "Галаваломка" (ЗША), а 10 верасня ў 11:40 - 4 серыі анімацыйнага фільма "Пінгвіны з Мадагаскара" (ЗША). Элітны атрад спецыяльнага прызначэння з найдасканалейшымі баявымі навыкамі, які знаёмы гледачам па мультфільме "Мадагаскар", закліканы сачыць за парадкам у заапарку.












