Інфармацыйнае паведамленне
Аб цяжкасцях перакладу
14 сакавіка ў 20:01 на сайце charter97.org з'явілася інфармацыйнае паведамленне, што NAVIBAND выступіць другім у другім паўфінале "Еўрабачання".
Нібы такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце конкурсу eurovision.tv
Пры гэтым charter97.org спасылаецца на іншую інфармаваную крыніцу - Еўрарадыё.
Вымушаныя паведаміць, што інфармацыя ад рэсурсу charter97.org не адпавядае рэчаіснасці.
На афіцыйным сайце міжнароднага конкурсу песні eurovision.tv сапраўды названыя ўдзельнікі першага і другога паўфіналаў, і зроблена гэта ў алфавітным парадку, а не ў парадку іх выхаду на сцэну 9 і 11 мая.
Гурт NAVIBAND выступіць у другім паўфінале, у другой яго частцы. Аб гэтым арганізатары "Еўрабачання-2017" аб’явілі яшчэ 31 студзеня.
Канчатковыя ж парадкавыя нумары ўдзельнікаў абодвух паўфіналаў будуць вызначаныя пазней рашэннем прадзюсараў шоу. Такая сістэма размеркавання канкурсантаў у паўфіналах дзейнічае ўжо некалькі гадоў і дазваляе арганізатарам рабіць шоу эфектным і ўнікальным.
Лічым, што цяжкасці перакладу, якія перыядычна ўзнікаюць у рэсурсу charter97.org, не павінны ўводзіць у зман аматараў конкурсу "Еўрабачанне".













