Прэс-рэліз
Новы год прыходзіць у кожную сям'ю значна раней, як прагучыць запаветны бой курантаў. Святочны настрой ужо запанаваў у дамах беларусаў і будзе яшчэ доўга заставацца ў 2018! Каналы галоўнага медыяхолдынга краіны прапаноўваюць правесці ўсе гэтыя святочныя дні разам, і для гэтага яны падрыхтавалі мноства падарункаў. Тэлегледачоў і радыёслухачоў чакаюць эксклюзіўныя прамыя трансляцыі, святочныя канцэрты, доўгачаканыя прэм'еры і сапраўдныя цуды ў эфіры.
Тэлеканал "Беларусь 1"
Гледачы галоўнага канала краіны традыцыйна будуць у курсе, як святкуюць Новы год у розных кутках Беларусі і за мяжой. У інфармацыйна-аналітычных праграмах і выпусках навін канала журналісты Агенцтва тэлевізійных навін падвядуць вынікі 2017 года і распавядуць, што чакае беларусаў у 2018.
31 снежня тэлеканал "Беларусь 1" падрыхтаваў для гледачоў душэўнае і цікавае кіно. У 15:10 на першай кнопцы можна будзе ўбачыць меладраму "Усё будзе добра!" (Расія, 2013). Паводле сюжэта фільма, за 11 гадзін да Новага года варажбітка прадракае галоўнай гераіні Лізе нечаканы паварот падзей. Дзяўчына даведваецца, што жаніх ёй здрадзіць, і яна купіць сабаку, а потым разнясе ўшчэнт дом і, нарэшце, усё забудзе. Ліза сыходзіць, не паверыўшы варажбітцы, але прадказанае дзіўным чынам пачынае спраўджвацца…
Прэм'ера меладрамы "Калі тата Дзед Мароз" (Украіна, 2017) - у 16:30 на "Беларусь 1". Напярэдадні Новага года Дзяніс слёзна просіць сябра Юрыя падмяніць яго на працы - стаць Дзедам Марозам. Жонка Юрыя падае на развод і збіраецца забраць за мяжу яго адзіную дачку. Перад героем стаіць выбар - дапамагчы блізкаму сябру або выратаваць уласную сям'ю.
У нядзелю ў 21:00 гледачоў чакае захапляльны навагодні падарунак ад тэлеканала "Беларусь 1" і Агенцтва тэленавін - спецыяльны выпуск праграмы "Галоўны эфір". Незвычайным будзе як месца здымак спецвыпуску, так і госці "Галоўнага эфіру", якія гучна пра сябе заявілі ў 2017 годзе. Вядучыя праекта разам з гасцямі падвядуць вынікі года і здзівяць гледачоў мноствам сюрпрызаў.
Пасля "Галоўнага эфіру" ў 22:35 на "Беларусь 1" і міжнародным спадарожнікавым канале "Беларусь 24" пачнецца эксклюзіўны навагодні канцэрт, зняты Белтэлерадыёкампаніяй спецыяльна да свята. Іна Афанасьева і Анатоль Ярмоленка, Tэа і Вольга Рыжыкава, а таксама мноства маладых беларускіх выканаўцаў падораць гледачам свае новыя песні. Тэлеаўдыторыю чакае парад прэм'ер у навагоднюю ноч, бо многія музычныя кампазіцыі яшчэ ніхто не чуў, але яны абяцаюць стаць сапраўднымі хітамі 2018 года!
У 23:50 у эфіры ўсіх каналаў медыяхолдынга, а таксама Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з навагоднім віншаваннем да беларускага народа звернецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
1 студзеня гледачы галоўнага канала краіны працягнуць прымаць віншаванні і падарункі ад беларускіх артыстаў. Да навагодняга канцэрта на "Беларусь 1" разам з генеральным прадзюсарскім цэнтрам Белтэлерадыёкампаніі яны падрыхтавалі не толькі прэм'еры песень, але і неверагодны падарунак, пра які стане вядома толькі ў навагоднюю ноч.
У 00:40 святочны кінапаказ на першай кнопцы працягнецца. Гледачы "Беларусь 1" убачаць навагоднюю камедыю "SOS, Дзед Мароз, або Усё спраўдзіцца!" (Расія, 2015). Галоўная гераіня фільма Света адчайна хоча, каб яе бацькі памірыліся. Яна верыць, што гэтую мару абавязкова выканае Дзед Мароз, калі яго знайсці і папрасіць пра гэта. Дзяўчынка прымае за чараўніка перапранутага ашуканца і абаяльнага аферыста Мышкіна. Зараз гэтая незвычайная парачка на шляху да выканання сваіх жаданняў залучыць у кругазварот навагодніх прыгод яшчэ дзясятак ні ў чым не вінаватых людзей…
У панядзелак у 13:40 тэлегледачы ўбачаць навагодняе дабрачыннае свята для дзяцей з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Вячэрні кінапаказ на "Беларусь 1" у гэты дзень адкрые стужка пра герояў, з якімі ў навагоднюю ноч здараюцца цуды. У 16:50 фільм "40+, або Геаметрыя пачуццяў" (Украіна, 2016) распавядзе пра трох адданых сябровак, якія калісьці паверылі ў прадказанне, якое абяцала ім шчаслівы лёс і дні бясконцай радасці. Але наіўная варажба не спраўдзілася насуперак надзеям. Замужняя Аліна, якая стамілася ад нягод побыту з мужам, закруціла раман з іншым. Таццяна, якая не спазнала мацярынства, таксама не лічыць уласны шлюб шчаслівым. Самотная Марыя, якая прысвяціла сябе працы, не здолела стварыць сям'ю. Зараз дзеля ажыццяўлення жаданняў гераіням прыйдзецца зрабіць лёсавызначальны крок і змяніць сваё жыццё.
2 студзеня з 13:10 да 21:00 "Беларусь 1" прапаноўвае прэм'еру 8-серыйнага фільма "Другое жыццё Евы" (Украіна, 2017). Гэта серыял пра дзяўчыну, уцягнутую ў дзіўную авантуру. Гераіня прыязджае ў Кіеў і сустракае старога знаёмага Германа, які прапаноўвае ёй вялікую суму грошай, каб яна сыграла ролю жонкі для яго сябра. Ева неверагодна падобная да жонкі таварыша, якая цяпер знаходзіцца ў коме…
Да святочнага кінапаказу і тэматычных выпускаў любімых праектаў на "Беларусь 1" дададуцца арыгінальныя міжпраграмныя відэаролікі. Яны створаць навагодні настрой, і гледачы не захочуць пераключацца з першай кнопкі.
Тэлеканал "Беларусь 2"
Увазе гледачоў "Беларусь 2" будуць прапанаваныя тэматычныя навагоднія выпускі праграм, мастацкія і анімацыйныя фільмы, прагляд якіх напоўніць добрымі эмоцыямі.
Раніцай 30 снежня ў 7:35 тэлеканал пацешыць маленькіх гледачоў фільмам "Шчаўкунчык і Мышыны кароль" (Германія, 2015). Чароўная гісторыя Фрыца і Мары - герояў, названых імёнамі дзяцей сябра пісьменніка Гофмана, - працягвае заставацца актуальнай і захапляць дзяцей.
Спецыяльны навагодні выпуск праграмы "Капейка ў капейку" выйдзе ў 17:50. Гэтым разам выпрабаванні вядучага Ільі Конанава будзе праходзіць сям'я самага знакамітага беларускага футбаліста сучаснасці Аляксандра Глеба. Зорная пара паспрабуе патраціць грошы з асаблівым, святочным настроем. Пытанні віктарын у праграме будуць таксама на навагоднюю тэматыку.
31 снежня ў 13:20 анімацыйны фільм "Звераполіс" (ЗША, 2016) адкрые свет цывілізаваных жывёл, дзе няма людзей, але з героямі адбываюцца падзеі, якія цалкам маглі б адбыцца ў чалавечым грамадстве.
Фантастычны фільм "Чалавек-мурашка" (ЗША, 2015) у 15:10 распавядзе пра супергероя з аднайменнай серыі коміксаў. У фільме здымаліся такія вядомыя акцёры, як Майкл Дуглас, Эванджэлін Лілі, Коры Стол і іншыя.
Тэлеаўдыторыя "Беларусь 2" у нядзелю ўбачыць серыю камедый "Ёлкі". Так, камедыя "Ёлкі лахматыя" (Расія, 2014) пачнецца ў 17:20. Гаспадыня Пірата і Ёкі - дзяўчынка Насця - ляціць з бабуляй у Піцер, пакінуўшы гадаванцаў у гатэлі для сабак. Палічыўшы гэта здрадай, жывёлы ўцякаюць дахаты, дзе можна, нарэшце, адчуць сябе чалавекам…
У 19:00 гледачоў чакае навагодні выпуск праграмы "Тэлебарометр". Вядучы Дзмітрый Карась запросіць трох самых актыўных падпісчыкаў афіцыйнай старонкі праграмы ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" прайсці арыгінальны квэст. Ім трэба будзе выканаць заданні пра надвор'е ў горадзе, каб вызначыць пераможца, які атрымае памятныя падарункі ад тэлеканала. У завяршэнні праграмы гледачоў чакае сюрпрыз ў выглядзе незвычайнага флэшмобу, які абавязкова здзівіць прыхільнікаў праекта.
Святочны кінапаказ працягне навагодняя камедыя "Ёлкі" (Расія, 2010) у 20:05. Дзеянне карціны адбываецца ў адзінаццаці гарадах, а Расія - адзіная краіна ў свеце, дзе Новы год можна сустрэць адзінаццаць разоў! Самыя розныя, незнаёмыя паміж сабою людзі па ланцужку перадаюць просьбу дзяўчынкі, якая жыве ў Калінінградзе. У навагоднюю ноч ёй можа дапамагчы толькі прэзідэнт, але няма нікога, хто б ведаў яго асабіста. Праўда, існуе тэорыя шасці поціскаў рукі, паводле якой усе людзі на Зямлі знаёмыя паміж сабою максімум праз шэсць чалавек.
У 21:55 у эфір выйдуць "Ёлкі 2" (2011). Людзі яшчэ вераць у казкі, асабліва ў навагоднюю ноч. Галоўныя героі ўпэўненыя, што калі Новы год сустрэць у некалькіх гарадах, то цуд абавязкова адбудзецца. У новым фільме засталіся героі першай часткі, але геаграфія "Ёлак 2" значна пашырылася, таму з'явяцца і новыя асобы.
Ужо ў новым, 2018, годзе ў 00:05 гледачы ўбачаць "Ёлкі 3" (2013). Пад бой курантаў герояў фільма аб'яднае бумеранг дабра. Завяршаючы круг, ён заслужана вернецца да кожнага, хто яго аднойчы запусціў. Каму - усмешкамі і абдымкамі любімых і сяброў, каму - святочным настроем, а каму і тэлефонам у студзіне!
Эфір працягне серыя анімацыйных фільмаў пра былінных асілкаў: "Алёша Паповіч і Тугарын Змей" - у 01:40, "Дабрыня Нікіціч і Змей Гарыныч" - у 02:55 і "Ілья Мурамец і Салавей-разбойнік" - у 03:55.
1 студзеня ў 10:35 гледачоў "Беларусь 2" чакае навагодні спецвыпуск праекта "Два рублі". Вядучыя праграмы Лера Зверава і Саша Мамошка ў вобразах Снягуркі і Дзеда Мароза патрапяць на адну з галоўных ёлак краіны, дзе зададуць выпадковым мінакам пытанні на святочную тэматыку. Акрамя таго, у праграме прыме ўдзел галоўны Дзед Мароз Беларусі - Уладзімір Радзівілаў.
У 20:15 тэлеканал "Беларусь 2" пакажа тры часткі фантастычнага фільма "Жалезны чалавек". У франшызе паводле аднайменнага комікса здымаліся такія вядомыя акцёры, як Роберт Даўні-малодшы, Гвінет Пэлтрау, Скарлет Ёхансан, Мікі Рурк і іншыя.
Тэлеканал "Беларусь 3"
Сацыякультурны канал пацешыць гледачоў паказам тэматычных праграм, серыяй выдатных канцэртаў і навагодніх кінафільмаў.
Так, 30 снежня ў 7:35 гледачы ўбачаць спецыяльны выпуск праграмы "Сіла веры", які распавядзе пра рэлігійнае і свецкае, пра набажэнствы і навагоднія ранішнікі, пра святога Мікалая і Дзеда Мароза, а таксама адкажа на пытанне, хто хаваецца пад барадой.
У 10:00 гледачы "Беларусь 3" змогуць нацешыцца фальклорным шоу "Хата на хату", у якім сем'і - удзельніцы папярэдніх выпускаў збяруцца разам, каб выканаць свае любімыя песні і павіншаваць усіх з Новым годам.
У 10:55 "Беларуская кухня" пазнаёміць з новымі ўнікальнымі рэцэптамі. Гледачы змогуць скарыстацца падказкай вядучых і здзівіць блізкіх за навагоднім сталом.
Вынікі Года навукі ў 11:55 падвядзе навукова-папулярны праект "Навукаманія".
Новы святочны выпуск праекта "Беларуская кухня" пазнаёміць яшчэ з адным арыгінальным рэцэптам нашай краіны ў 12:30.
31 снежня ў 12:55 у навагодняй праграме "Майстры і куміры" папулярная спявачка і заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева разам з тэлегледачамі здзейсніць падарожжа ў мінулае, дзякуючы ўнікальным архіўным відэаматэрыялам Белтэлерадыёкампаніі, і распавядзе пра свой творчы шлях.
У 13:50 аматары добрай музыкі змогуць убачыць канцэрт ансамбля ВІА "Сіняя птушка", які Белтэлерадыёкампанія запісала ў рамках міжнароднага музычнага конкурсу "Залаты шлягер - 2017", і парадавацца гучаннем упадабаных песень: "Ты мне не снишься", "Я иду тебе навстречу", "Мамина пластинка", "Так вот какая ты", "Пусть я ошибусь", "Три аккорда", "Клен" і іншымі.
Навагодні эфір прадоўжыць папулярны савецкі фільм "Карнавал" у 15:10.
Любімая музычная камедыя "Звычайны цуд" з Алегам Янкоўскім, Ірынай Купчанкай, Яўгенам Лявонавым і Аляксандрам Абдулавым прадоўжыць эфір у 16:20.
У 17:40 увазе тэлеаўдыторыі будзе прапанаваны канцэрт "Бяседа" віншуе з Новым гадам". Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, ансамбль народнай музыкі "Бяседа" павіншуе гледачоў са святамі і падорыць любімыя песні.
Юбілейны канцэрт Іскуі Абалян "Геаметрыя пачуццяў", запісаны генеральным прадзюсарскім цэнтрам Белтэлерадыёкампаніі, тэлеканал "Беларусь 3" пакажа ў 18:40.
Музычная камедыя "Вяселле ў Малінаўцы" з Уладзімірам Самойлавым, Міхаілам Пугаўкіным, Людмілай Алфімавай і Яўгенам Лебедзевым выйдзе на "Беларусь 3" у 21:30.
У 23:00 сацыякультурны канал пакажа вялікі святочны канцэрт "Сустракаем Новы год разам", запісаны Генеральным прадзюсарскім цэнтрам Белтэлерадыёкампаніі на міжнародным фестывалі "Залаты шлягер - 2017".
Прадоўжыць навагодняе свята ўжо ў 2018 годзе музычная камедыя "Чарадзеі", якая пачнецца ў 01:00.
Аўтарскі канцэрт Алега Жукава, запісаны ў самай вялікай студыі медыяхолдынга "600 метраў" да юбілею паэта-песенніка, можна будзе ўбачыць у 03:30.
1 студзеня, у дзень юбілею беларускага графіка, паэта, лаўрэата літаратурнай прэміі "Залаты апостраф" Рыгора Сітніцы, тэлеканал "Беларусь 3" пакажа святочную праграму "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака" ў 14:00.
У 21:05 аб каханні і цудах, якія здзяйсняюцца пад Новы год, распавядзе рамантычная навагодняя меладрама "Далікатная зіма" (Расія-Беларусь, 2005).
Для дзяцей сацыякультурны канал падрыхтаваў сваю навагоднюю праграму. З 30-га снежня па 1 студзеня маленькія гледачы ўбачаць знакамітую казку "Марозка" і ранішнія мультфільмы "Снежныя дарожкі", "Танцы лялек", "Парася ў калючым кажушку", "Дзядуля і ўнучак", "Адважны заяц", "Снегавік-паштар", "Рукавіца".
Падарункам для дзяцей, як заўсёды, стане "Калыханка", святочныя выпускі якой гледачы ўбачаць у 20:40.
Тэлеканал "Беларусь 5"
Спартыўны тэлеканал медыяхолдынга ў навагоднія святы не адступіць ад паказу галоўных падзей у сусветным тэнісе і хакеі, але здзівіць гледачоў цікавай лінейкай мастацкага кіно аб перамогах і дасягненнях таленавітых атлетаў.
30 снежня ў 20:00 "Беларусь 5" у прамым эфіры пакажа матч моладзевага чэмпіянату свету па хакеі, у якім сустрэнуцца каманды Чэхіі і Беларусі.
Спецыяльна да святаў спартыўны тэлеканал падрыхтаваў лінейку мастацкіх фільмаў. 30 снежня ў 16:20 гледачы ўбачаць фантастычны баявік "Тэкен" (Японія-ЗША, 2009). Гэта кінагісторыя распавядзе пра маладога хлопца з трушчоб, які запісаўся на турнір "Жалезны кулак", дзе змагаюцца найлепшыя байцы краіны.
31 снежня ў 21:25 на "Беларусь 5" выйдзе папулярны расійскі фільм пра таленавітага хакеіста СССР Валерыя Харламава "Легенда №17" (Расія, 2013).
У навагоднюю ноч у 00:05 гледачы спартыўнага канала ў прамым эфіры ўбачаць хакейны паядынак паміж ЗША і Фінляндыяй у рамках моладзевага чэмпіянату свету, а таксама матч Расія - Швецыя. Пачатак сустрэчы - у 04:00.
У 02:25 тэлеаўдыторыі тэлеканала будзе прапанавана расійская камедыя "Неваляшка" (Расія, 2007) з Паўлам Дзеравянкам ў галоўнай ролі, якая расказвае пра маладога баксёра, які выступае ў лёгкай вагавай катэгорыі.
1 студзеня на спартыўным тэлеканале будуць паказаны прамыя трансляцыі тэніснага турніру WTA з Брысбена (Аўстралія) і Окленда (Новая Зеландыя), у якім будуць выступаць нашы беларускія спартсменкі, у тым ліку і Вікторыя Азаранка.
У 22:25 гледачы ўбачаць спартыўную драму "Матч" (Расія, 2012) з Сяргеем Бязрукавым у галоўнай ролі, якая расказвае аб адказным паядынку па футболе ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё
У святочныя навагоднія дні Першы нацыянальны канал Беларускага радыё падрыхтаваў для сваіх слухачоў шмат цікавых праграм і сюрпрызаў. 31 снежня пра галоўныя падзеі 2017 года ў палітычным, эканамічным, сацыяльным, культурным і спартыўным жыцці краіны распавядзе спецыяльны выпуск аналітычнай праграмы "Акцэнты". Навагоднюю эстафету падхопіць віншавальны інтэрактыўны эфір "Настрой! - 365 шчаслівых хвілін". Пачнецца праграма ў 14:55 і прадоўжыцца да 21:00. Яе ўдзельнікамі стануць самыя актыўныя слухачы канала і падпісчыкі ў сацыяльных сетках, якіх чакаюць прыемныя сюрпрызы і падарункі.
Прадоўжыць эфір навагодні "Творчы вечар". У фармаце музычна-пазнавальнага ток-шоу з удзелам вядомых дзеячаў культуры і мастацтва, зорак беларускай эстрады можна будзе даведацца пра знакавыя падзеі года, кур'ёзы і проста цікавыя варыянты сустрэчы свята. Пачатак праграмы - у 21:00, а працяг - пасля паўночы - ужо ў 2018.
Канал "Культура"
Канал Беларускага радыё ў святочную ноч прапаноўвае гледачам атрымаць асалоду ад тэатралізаванага праекта "Святкуем з "Культурай", які пачнецца 31 снежня ў 21:00 і прадоўжыцца да 4-х гадзін раніцы 2018 года.
У аснове навагодняга эфіру ляжыць ідэя сямейнага святкавання: у вялікай студыі Дома радыё збяруцца супрацоўнікі і госці канала, якія на ўзор беларускіх сем'яў будуць традыцыйна рыхтавацца да сустрэчы Новага года, з успамінамі, вясёлымі гісторыямі, а таксама пад акампанемент з фондавых запісаў. Гэта будуць радыёспектаклі, канцэрты, паэтычныя кампазіцыі.
Другая частка праекта "Сямейнае свята" выйдзе пасля паўночы і прадоўжыцца палымянай музычнай дыскатэкай, канцэртам па заяўках і радыёкараоке.
Радыё "Беларусь"
Міжнароднае радыё "Беларусь" у навагоднім эфіры падвядзе прамежкавыя вынікі іміджавай акцыі "Гукае ласкай родны край!". Святочныя анлайн-прывітанні землякам перададуць слухачы з беларускімі каранямі з Аргенціны, ЗША, Грэцыі, Германіі, Польшчы, Швейцарыі, Аўстраліі. Акцыя прадоўжыцца і ў 2018 годзе, прывітанне сваёй малой радзіме можна адпраўляць праз форму на сайце www.radiobelarus.by
У навагоднюю ноч слухачы радыё "Беларусь" атрымаюць навагоднія віншаванні з Беларусі на 9 мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, польскай, іспанскай, кітайскай і арабскай.
Замежныя дыпламаты, грамадскія і культурныя дзеячы, папулярныя артысты падзеляцца сямейнымі навагоднімі традыцыямі. А таксама слухачы адкрыюць для сябе святочную Беларусь - даведаюцца пра славутасці, беларускую кухню, самабытнасць і душу нашай краіны вачамі замежнікаў.
Радыё "Сталіца"
У дні любімых зімовых свят "Сталіца" парадуе сваіх слухачоў мноствам інфармацыйных, музычных і забаўных сюрпрызаў: ад сакрэтаў гатавання спецыяльных калядных страў да займальных віктарын і падарункаў ад "Дзеда Мароза і яго сабачак". А вясёлыя застаўкі, віншаванні рок-зорак і лепшыя рок-н-рольныя хіты напоўняць эфір асаблівай атмасферай Новага года.
31 снежня на радыё "Сталіца" ўсе 24 гадзіны - прыемныя сюрпрызы і карысная навагодняя інфармацыя.
"Радыус FM"
Напярэдадні Новага года "Радыус FM" падрыхтаваў для сваіх слухачоў шмат святочных праграм і рубрык. Музычны складальнік эфіру будзе напоўнены рытмічнымі кампазіцыямі, якія настрояць аўдыторыю на сустрэчу Новага года, створаць святочны настрой і адчуванне свята.
У эфіры радыёстанцыі з'явіцца праграма "Навагодняе СМС-прывітанне", у якой слухачы змогуць перадаць прывітанні і віншаванні сябрам і блізкім з 26 па 31 снежня ў сярэдзіне кожнай гадзіны з 10:00 да 19:00. Парадуе аматараў папулярных хітоў і праект "Музычны нон-стоп 2017", у ім прагучаць лепшыя кампазіцыі адыходзячага года па версіі радыё на працягу ўсёй навагодняй ночы.
У праграме "Навагодні кактэйль" самыя шчырыя віншаванні і пажаданні падораць слухачам вядучыя радыёстанцыі. У праекце "Новы год: ад салаты да салюту" распавядуць, як і дзе адзначыць зімовыя святы.
Аўтарскія праграмы ў эфіры радыёстанцыі падвядуць вынікі адыходзячага года. Лепшыя моманты ранішніх шоу за 2017 нагадаюць аўдыторыі радыёстанцыі пра самыя смешныя жарты і яркія моманты. Таксама ў эфіры павялічыцца колькасць навагодніх розыгрышаў і падарункаў.
У 2018 тэле- і радыёканалы медыяхолдынга запусцяць мноства новых праектаў. Гледачоў і слухачоў чакае яшчэ больш прэм'ер і эксклюзіўных канцэртаў. Белтэлерадыёкампанія запрашае сачыць за эфірамі і сустракаць Новы год разам! З надыходзячымі святамі!













