"Нашы. Трэнеры" на "Беларусь 1": Андрэй Скабелка

17.08.2017
18 жніўня на тэлеканале "Беларусь 1" выйдзе новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Нашы. Трэнеры". Героем трэцяга фільма стане беларускі хакеіст, галоўны трэнер хакейнага клуба "Авангард" Андрэй Скабелка.

Прэс-рэліз

18 жніўня на тэлеканале "Беларусь 1" выйдзе новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Нашы. Трэнеры". Героем трэцяга фільма стане беларускі хакеіст, галоўны трэнер хакейнага клуба "Авангард" Андрэй Скабелка.

Амбіцыйны, самалюбны, жорсткі і патрабавальны. Так гавораць пра Андрэя Скабелку яго калегі. Трэнер з баявым характарам, халоднай галавой і гарачым сэрцам. Чалавек, які жыве гульнёй і камандай. Адзін з самых перспектыўных трэнераў КХЛ апошніх гадоў. Ён запатрабаваны ў другім па велічыні клубным турніры - Кантынентальнай хакейнай лізе, узначальвае тытулаваны омскі "Авангард".

Годам раней Скабелка здзівіў усю хакейную супольнасць, заняўшы трэцяе месца ў КХЛ з новасібірскай "Сібір’ю". Гэта было найвышэйшае дасягненне клуба. Андрэя цэняць і паважаюць за працавітасць і зацятасць, прафесіяналізм і захопленасць.

У праекце Агенцтва тэленавін "Нашы. Трэнеры" Андрэй Уладзіміравіч распавядзе аб сваіх прынцыпах працы ў суровым мужчынскім калектыве, падзеліцца сваім бачаннем гульні ў хакей і растлумачыць, чаму на трэніроўках заўсёды ідзе жорсткая барацьба. Таксама гледачы даведаюцца, як адзін час балельшчыкі па начах у люты мароз палілі вогнішчы перад Лядовым палацам у чаканні адкрыцця кас - настолькі быў вялікі попыт на білеты.

Андрэй Скабелка пачынаў у легендарным маскоўскім ЦСКА, доўгі час быў лепшым бамбардзірам зборнай Беларусі, прабіваўся з ёй на чэмпіянаты свету і Алімпійскія гульні. Яго трэнерскі шлях пачаўся ў 2007 годзе ў новакузнецкім "Металургу", дзе ён працаваў у ролі старшага трэнера, пасля чаго ўзначаліў хакейны клуб "Гомель", з якім двойчы станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату краіны.

У эксклюзіўным інтэрв'ю Андрэй Скабелка распавядзе, як абедаў у алімпійскай сталовай з легендарным канадскім хакеістам Уэйнам Грэцкі, чаму па некалькі дзён ён мог не размаўляць са сваім сынам-хакеістам, знаходзячыся з ім у адной кватэры, і якім чынам таленавіты трэнер знайшоў жонку Уладзіміру Копацю - аўтару легендарнай перамогі над шведамі.

Новы фільм з цыкла "Нашы. Трэнеры" выйдзе ў эфір у пятніцу, 18 жніўня, адразу пасля "Панарамы".