Прэс-рэліз
11 жніўня на тэлеканале "Беларусь 1" выйдзе новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Нашы. Трэнеры". Героем другога фільма стане савецкі і беларускі футбаліст, экс-галоўны трэнер футбольных клубаў "Карпаты" і "Крумкачы" Алег Дулуб.
Яго называюць самым незвычайным футбольным трэнерам Беларусі. Ім захапляюцца, яму вераць, паважаюць. За плячамі Алега Анатолевіча паспяховая футбольная кар'ера ў айчынных і замежных клубах.
Пажадаўшы развівацца далей, ён атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі PRO ў Швейцарыі, паспяхова здаў іспыт на англійскай, якую вывучыў самастойна. Алег Дулуб пастаянна ўдасканальвае свае навыкі, вывучае футбольную літаратуру, чытае не толькі на рускай, але і англійскай мове. Неверагоднай мэтанакіраванасці гэтага чалавека і ўменню даводзіць справу да канца можна толькі пазайздросціць.
Калегі і сябры Алега Анатолевіча ўпэўнены, што больш шчырага і адданага футболу чалавека знайсці цяжка. Ён можа даць правільную матывацыю і прывіць футбалісту патрэбную філасофію, умее аб'яднаць каманду і балельшчыкаў. Алег Дулуб здольны дапамагчы сярэднім футбалістам паверыць у сябе і навучыцца марыць, як адбылося з "Крумкачамі". І для яго з'яўляецца аксіёмай тое, што заўсёды выйграюць футбалісты, а прайграе трэнер.
Аўтар фільма - журналіст Павел Капуцкі - і здымачная група АТН распавядуць, якія цяжкасці давялося перажыць Алегу Дулубу пры пераходзе ад футбаліста да трэнера, як, парушыўшы "футбольную эканоміку", ён вывеў сціплых "Крумкачоў" у Вышэйшую лігу, чаму галоўнай кнігай жыцця ён называе Біблію.
Новы фільм з цыкла "Нашы. Трэнеры" выйдзе ў эфір у пятніцу, 11 жніўня, адразу пасля "Панарамы".












