27 лістапада на тэлеканале "Беларусь 1" стартуе чарговы цыкл праекта Агенцтва тэленавін "Нашы" - гэтым разам пад загалоўкам "Навукоўцы". Героем першага выпуску стане кандыдат біялагічных навук, дацэнт і актыўны ўдзельнік палярных экспедыцый Юрый Гігіняк.
Ён стаў першым беларускім біёлагам, які трапў у Антарктыку ў савецкі час, а таксама першым і адзіным навукоўцам, які абараніў у БССР дысертацыю па насельніках водных глыбінь гэтага кантынента. Праз 40 гадоў ён ізноў апынуўся ў складзе антарктычных экспедыцый - у 2010-2011 і 2013-2014 гадах.
У складзе 16-й савецкай антарктычнай экспедыцыі беларускі навуковец-гідрабіёлаг правёў паўтара года на востраве Зыкава, вывучаў насельнікаў падводнага свету, асаблівасці іх жыццядзейнасці, а ў 1971 годзе ўпершыню падняў у Антарктыцы флаг БССР.
У выпуску праекта "Нашы. Навукоўцы" Юрый Гігіняк распавядзе аб спартанскіх умовах беларускіх палярнікаў, іх штодзённай барацьбе за жыццё і растлумачыць, чаму слабахарактарным, недысцыплінаваным і канфліктным - не месца ў Антарктыцы.
Аўтар фільма, журналіст Аляксандр Смірноў, і здымачная група АТН даведаліся, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся навукоўцы ў экспедыцыях, як спраўляліся з суровым надвор'ем і доўгім расстаннем з блізкімі людзьмі, і чаму павінны былі выконваць строгую дысцыпліну. Аб асабістых поспехах, марах, любові да палярных падарожжаў, яркіх дасягненнях распавядзе сам Юрый Гігіняк, а таксама яго калегі, сябры і родныя.
Падзеліцца Юрый Рыгоравіч і ўспамінамі аб экстрэмальных сітуацыях, калі некалькі разоў абмарожваўся, правальваўся пад ваду або апускаўся пад лёд. Гледачы "Беларусь 1" даведаюцца, чаму для знакамітага біёлага-палярніка Антарктыка - гэта космас на зямлі і любоў на ўсё жыццё.
Нагадаем, што ў новым тэлевізійным сезоне праект "Нашы" выходзіць на "Беларусь 1" па панядзелках у вячэрнім эфіры, адразу пасля "Панарамы". Фільм пра Юрыя Гігіняка гледачы ўбачаць 27 лістапада.













