Прэс-рэліз
4 снежня на тэлеканале "Беларусь 1" выйдзе новы выпуск праекта Агенцтва тэленавін "Нашы. Навукоўцы". Героем другога фільма стане акадэмік, доктар біялагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рашэтнікаў.
Пра такіх гавораць - не галава, а дом саветаў. Уладзімір Мікалаевіч першым навучыў беларусаў вырошчваць журавіны памерам з перапёлчына яйка на хатнім гародзе. Эмпірычна даказаў, што дурніцы могуць расці не толькі ў лесе. Першым у краіне пачаў электрафарэтычныя даследаванні бялкоў раслін. Даў поўную і ўсебаковую біяхімічную характарыстыку гатункам бульбы. Зараз ён працуе загадчыкам аддзела біяхіміі і біятэхналогіі раслін Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі.
У новым выпуску праекта "Нашы. Навукоўцы" Уладзімір Рашэтнікаў раскажа пра сваё няпростае дзяцінства, якое навучыла яго пераадольваць страхі і верыць у лепшае, пагутарыць з журналістамі пра сям'ю, навуку і любоў да Радзімы. Акрамя таго, Уладзімір Мікалаевіч растлумачыць, чаму ў сучаснага маладога чалавека значна больш магчымасцяў знайсці сваё прызначэнне і рэалізавацца.
Таксама гледачы "Беларусь 1" даведаюцца, што цікаўнасць - не заўсёды загана, а рыса характару, якая можа дапамагчы амбіцыйнаму школьніку вырасці ў сапраўднага акадэміка. Раннія выпрабаванні сфарміравалі і загартавалі характар вядомага навукоўца. І ў далейшым, якія б цяжкасці ні выпадалі на яго лёс, ён пераносіў іх стойка і мужна, з цвёрдай верай, што ўсё дрэннае неўзабаве скончыцца.
Сябры і калегі Уладзіміра Мікалаевіча адзначаюць, што ён увесь час знаходзіцца ў творчым пошуку, генерыруе новыя ідэі і задумы, бязмежна адданы і ўлюбёны ў навуку, зараджае аптымізмам людзей вакол сябе і ахвяруе сабою дзеля справы ўсяго яго жыцця.
Нагадаем, у тэлесезоне 2017-2018 праект "Нашы" выходзіць на "Беларусь 1" па панядзелках у вячэрнім эфіры, адразу пасля "Панарамы". Фільм пра Уладзіміра Рашэтнікава тэлегледачы ўбачаць 4 снежня.












