"Нашы" на "Беларусь 1": Уладзімір Шантаровіч

21.07.2017

Прэс-рэліз

4 жніўня на тэлеканале "Беларусь 1" стартуе новы сезон праекта Агенцтва тэленавін "Нашы" - гэтым разам пад загалоўкам "Трэнеры". Героем першага выпуску стане настаўнік нацыянальнай алімпійскай зборнай, галоўны беларускі трэнер па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч.

Яшчэ калі быў простым хлапчуком з мячом на спартпляцоўцы, ён марыў стаць знакамітым чэмпіёнам, увайсці ў гісторыю сусветнага спорту - і ўсё жыццё прытрымліваўся вызначанага шляху. Уладзімір Уладзіміравіч ажыццявіў сваю мару, праўда, за невялікім выключэннем - ён стаў вялікім трэнерам чэмпіёнаў, выхаваў больш як 170 майстроў спорту. Дзякуючы яго здольнасці сумяшчаць перадавыя навуковыя адкрыцці і шматгадовы практычны вопыт, уменню зараджаць сілай і рашучасцю, натхняць і гуртаваць каманды, веславанне стала перадавым відам спорту ў Беларусі, а нашых спартсменаў ведаюць ва ўсім свеце. Слязамі, болем і потам выбрукавана дарога на запаветны п'едэстал - але што адлюстроўваецца ў бляску пераможных кубкаў і медалёў? Горды і радасны погляд настаўніка - трэнера, які перажывае за поспехі і няўдачы сваіх выхаванцаў, як за свае ўласныя.

Аўтар фільма - журналіст Станіслаў Ліпскі - і здымачная група АТН распавядуць, з чаго пачынаў знакаміты трэнер беларускіх весляроў, лаўрэат шматлікіх узнагарод і прэмій Уладзімір Шантаровіч, чым жыве зараз. Гледачы даведаюцца, як ён дасягнуў пастаўленай яшчэ ў юнацтве мэты, чаго яму каштавала дабіцца ўсеагульнага прызнання і павагі, хто сыграў ролю ў станаўленні Уладзіміра Уладзіміравіча як прафесіянала.

Першы ў сезоне 2017-2018 фільм з цыкла "Нашы" выйдзе ў эфір у пятніцу ўвечары, адразу пасля "Панарамы". Усяго ў рамках праекта "Нашы. Трэнеры" гледачы "Беларусь 1" убачаць 6 выпускаў, прысвечаных знакамітым настаўнікам, сярод якіх - былы галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па баскетболе Анатоль Буяльскі, галоўны трэнер хакейнага клуба "Авангард" (Омск) Андрэй Скабелка, экс-трэнер футбольнага клуба "Карпаты" (Львоў) і "Крумкачы" Алег Дулуб, галоўны трэнер мужчынскага валейбольнага клуба "Зеніт" (Казань) і былы галоўны трэнер мужчынскай зборнай Расіі па валейболе Уладзімір Алекна, а таксама галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па гандболе Юрый Шаўцоў.