Прэс-рэліз
18 снежня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" - новая серыя спецыяльнага праекта Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Нашы", героем якой стане сусветна вядомы беларускі мастак Васіль Пяшкун.
Ён належыць да кагорты маладых жывапісцаў, якія працягваюць у сваёй творчасці лепшыя традыцыі беларускага рэалістычнага мастацтва. Васіль па-майстэрску валодае колерам і настроем карціны, перадае спакой сельскага жыцця, мітусню і ўрачыстасць вялікіх гарадоў, таксама на яго карцінах можна ўбачыць беларускія цэрквы і манастыры. Яго творчасць - душэўная і шчырая, зразумелая і блізкая кожнаму чалавеку.
Як удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, а таксама больш як дзесяці персанальных ён перыядычна праводзіць аўтарскія майстар-класы і семінары. Яго работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Джэрсі Сіці (ЗША), беларускім пасольстве ў Будапешце (Венгрыя), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Японіі, Італіі, Францыі.
У новым выпуску праекта "Нашы" Васіль Пяшкун распавядзе, якім чынам ён напісаў карціну за адну секунду, чаму практычна ўсе свае работы мастак стварае на пленэры, што яго натхняе, як яму ўдаецца ў сваіх карцінах перадаваць адчуванне гармоніі і радасці, утульнасці і непарыўнай сувязі чалавека і прыроды.
Аўтар фільма, журналіст Іна Пілевіч і здымачная група АТН пабываюць з беларускім мастаком на пленэры і ў майстэрні, а таксама наведаюць сямейны тэатр, які Васіль з жонкай і дачкой стварылі разам. Дарэчы, твор сям'і Пяшкун адзначылі найвышэйшай узнагародай на фестывалі ў Маскве.
Таксама гледачы "Беларусь 1" даведаюцца, чаму выяву мастака зашыфроўвае ў сваіх вершах і карцінах яго жонка-сюррэаліст Ганна Селівончык, па якой прычыне жывапісец сыходзіць у цень, як пісаць на вуліцы, калі замярзаюць фарбы.
Нагадаем, што праект "Нашы" выходзіць на "Беларусь 1" кожны панядзелак у вячэрнім эфіры адразу пасля "Панарамы". Фільм пра Васіля Пешкуна гледачы ўбачаць 18 снежня.












