На сайце Белтэлерадыёкампаніі працягваецца галасаванне за песні для II Еўрапейскіх гульняў

17.08.2018

Прэс-рэліз

За тры тыдні з моманту запуску галасавання 7500 чалавек зрабілі свой выбар за песні для цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў на сайце медыяхолдынга.

На гэты момант, на думку 27 % карыстальнікаў, што прагаласавалі, фаварытам конкурсу лічыцца песня Champion (муз. Д. Каракіна, У. Каракіна, сл. Д. Каракіна (група "Лайтсаўнд").

З невялікім адставаннем і 25 % галасоў ідзе трэк Winners (муз. Л. Шырына, сл. А. Шырына).

За песню This land (муз. Ю. Наўроцкага (Юзары), сл. Р. Калодкі) аддалі свой голас 22 % наведвальнікаў афіцыйнага сайта Белтэлерадыёкампаніі.

Кампазіцыя Bright year, bright you (муз. Я. Алейніка, сл. С. Гераськовай) спадабалася 20 % тых, хто прагаласаваў.

Трэк "Хто, калі не мы" (муз. Д. Карпінчыка (Герман), сл. В. Дзумядзей) сабраў 6 % галасоў карыстальнікаў.

Як відаць з прыведзеных прамежкавых вынікаў, першае і чацвёртае месцы ў галасаванні раздзяляюць 7 %, а першае і другое - усяго толькі 2 %. Гэта значыць, што ў найбліжэйшы час з такой карыстальніцкай актыўнасцю карціна можа ашаламляльна змяніцца.

Нагадаем, галасаванне праходзіць на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі. Любы ахвотнік, клікнуўшы па адпаведным банеры на www.tvr.by, можа праслухаць усе пяць твораў і выбраць свайго фаварыта. І хоць галасаванне носіць, хутчэй, азнаямленчы характар, яго вынікі будуць улічаныя прафесійным журы конкурсу, у складзе якога вядомыя беларускія артысты, кампазітары і паэты, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Міністэрства спорту і турызму.

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску. У 15 відах спорту ў 23 дысцыплінах будуць разыграныя 189 камплектаў узнагарод.