Інфармацыйнае паведамленне
7 студзеня праваслаўныя вернікі ва ўсім свеце будуць святкаваць Раство Хрыстовае. Тэлеканалы медыяхолдынга ў гэты светлы дзень і напярэдадні свята створаць цёплую ўтульную атмасферу ля кожнага сямейнага ачага. У эфіры запланаваныя тэматычныя праграмы і канцэрты, некалькі эксклюзіўных трансляцый, прэм'еры мастацкіх і дакументальных фільмаў.
Тэлеканал "Беларусь 1"
Агенцтва тэленавін падрыхтавала прэм'еру тэматычнага тэлефільма "Сястра Іаанна", які выйдзе на галоўным канале краіны 6 студзеня ў 21:45. Фільм рэжысёра АТН Анастасіі Кужоўнік з'яўляецца ўладальнікам спецыяльнага прыза журы за лепшы дакументальны фільм ХІ Міжнароднага фестывалю кіно і тэлепраграм "Раданеж". У аснове стужкі - лёс манашкі Іаанны, расказаны ёю самой. Дакументальнае кіно адкажа на пытанні, што падштурхнула юную дзяўчыну пайсці ў манастыр, як прайшлі для яе 14 гадоў манаства і якая праўда ёй адкрылася.
Споведзь манашкі дае простыя адказы на галоўныя пытанні пра веру і Бога, дабро і зло, грэх і яго дараванне, сэнс жыцця і яго пошук. У гутарку з Іааннай уплятаюцца сцэны з жыцця падворка: штодзённае выратаванне жывёл, пакутныя чалавечыя душы. Людзі ў пошуку, распусныя, бяздольныя распавядаюць, як змаглі падняцца з самага дна і пачаць новае жыццё…
У 22:10 тэлеканал "Беларусь 1" пачне прамую трансляцыю Святочнага набажэнства на Раство Хрыстовае з Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Святочнае набажэнства ў прамым эфіры ўбачаць і гледачы міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24".
У 00:10 галоўны канал краіны прапануе гледачам добрую камедыйную меладраму "Снежны анёл" (Расія, 2007) пра масквічку, якая кожны Новы год святкуе ў Санкт-Пецярбургу, але гэтым разам ёй давядзецца змяніць свае планы. Гераіня дзіўным чынам знаходзіць у сваім доме маленькую дзяўчынку…
Раніцай 7 студзеня для вернікаў выйдзе праграма "Слова Мітрапаліта Паўла на Раство Хрыстовае" - у 06:40 на "Беларусь 24" і ў 07:00 на "Беларусь 1".
На працягу святочнай суботы на першай кнопцы чакаецца парад кінапрэм’ер. І пачне яго ў 13:35 чатырохсерыйная меладрама "Дзе жыве Надзея?" (Расія, 2016). Фільм распавядае пра жыццё дзвюх самотных жанчын, якія пасля смерці сына і брата адпаведна даведваюцца, што ў яго ёсць пазашлюбная 20-гадовая дачка Надзея. Яны разумеюць, што адказнасць за лёс маладой дзяўчыны зараз ляжа і на іх.
У 17:20 кінапаказ працягне навагодняя меладрама "Завіруха" (Расія, 2015). На станцыі Далёкае перад Новым годам выпадкова застаецца вагон цягніка Новасібірск - Масква, у якім малады Сяргей ехаў з бацькамі ў сталіцу, каб там пазнаёміцца з сям'ёй сваёй дзяўчыны Машы. І нават такі форс-мажор не перашкаджае закаханым сустрэцца, але аказваецца, што здаўна варагуюць бацькі дзвюх сямей…
Яшчэ адной кінапрэм’ерай у 19:00 стане меладрама "Дзядуля" (Расія, 2016), у якой галоўны герой з'яўляецца паспяховым бізнесменам пры маладой жонцы і дарослым сыне, што нечакана стаў бацькам. Але яму дзіця не патрэбна, ды і маці дзяўчынкі невылечна хворая, таму ролю бацькі прымярае наваспечаны дзядуля.
У 21:40 святочны кінапаказ завершыць прэм'ера чатырохсерыйнай меладрамы "Учора. Сёння. Заўтра" (Расія, 2016). Гэта гісторыя пра студэнцкае каханне, якое ўспыхнула праз 10 гадоў, калі ў кожнага ўжо быў свой нешчаслівы шлюб і дзеці. Героям фільма ўсё ж атрымліваецца быць разам, хоць жыццё ставіць шмат перашкод...
Тэлеканал "Беларусь 2"
7 студзеня тэлеканал прапаноўвае для сямейнага прагляду мастацкае і анімацыйнае кіно, чым прыўнясе казачны настрой у кожны дом.
Так, ужо ў 07:40 маленькія гледачы змогуць убачыць фільм "Папялушка" (Германія, 2011). Розныя рэдакцыі народнай казкі вядомыя ў творчасці Шарля Перо і братоў Грым. Да варыянту нямецкіх пісьменнікаў і фалькларыстаў звярнуўся ў сваёй "Папялушцы" іх зямляк - рэжысёр Уве Янсан.
У 08:40 усе казкі аб'яднаюцца ў адну дзякуючы цудоўным анімацыйным фільмам "Шрэк" (ЗША, 2001) і "Шрэк-2" (ЗША, 2004). Непаўторны гумар і арыгінальны сюжэт не перастаюць збіраць ля экранаў сям'і тэлегледачоў, для якіх і на гэты раз зялёны огр гатовы стварыць свята.
Фантастычная камедыя "Уяві сабе" (ЗША-Германія, 2008) у 13:20 падштурхне кожнага перагледзець сваё стаўленне да сям'і на ўзор галоўнага героя ў выкананні непараўнальнага Эдзі Мёрфі. Ён не надаваў належнай увагі сваім родным, пакуль у малюнках дачкі не ўбачыў дакладныя прагнозы па біржавых каціроўках. Зараз дзякуючы гэтаму дару ён спадзяецца на ашаламляльны поспех.
Рамантычная камедыя "Без меж" (Расія, 2015) у 15:10 распавядзе кранальную гісторыю пра самае светлае пачуццё - каханне, якое не ведае меж, і таму героі фільма аказваюцца ў Ерэване, Маскве і Тбілісі…
Увечар у 20:25 гледачы ўбачаць біяграфічную меладраму пра каханне паспяховай галівудскай актрысы Грэйс Келі і кіраўніка Княства Манака Рэнье ІІІ "Прынцэса Манака" (Францыя-Італія, 2014), галоўную ролю ў якой выканала чароўная Ніколь Кідман.
У 22:25 "Беларусь 2" пакажа кіно, якое паўнапраўна лічыцца класікай кінематографа. Фільм "Форэст Гамп" (ЗША, 1994) рэжысёра Роберта Земекіса ў свой час сабраў 6 прэмій "Оскар" і займаў першае месца ў зборах, а наіўны герой Тома Хэнкса прыўнёс у драму значную долю тонкай іроніі і гумару.
Тэлеканал "Беларусь 3"
Сацыякультурны канал пачне віншаваць гледачоў з Раством ужо 6 студзеня ў 23:00 - у эфір выйдзе спецыяльны тэматычны канцэрт сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі "Сустрэча на Раство".
7 студзеня ў 07:35 да свята Раства Хрыстовага звернецца праект "Размовы пра духоўнае".
У 12:25 тэматычны эфір працягне праграма "Камертон", героем якой стане Мітрапаліт Філарэт, ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
У 13:45 праект "Тэатр у дэталях" зазірне за кулісы і распавядзе гісторыю стварэння спектакля "Ноч на Каляды". Гэта не проста пастаноўка твора Гогаля Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, а сапраўдная прыгодніцка-фантастычная гісторыя, дзе Вакула можа паляцець у Пецярбург на ракеце, казакі проста сядзяць на даху палаца Кацярыны II, а Чорт чытае кнігі самога Мікалая Васільевіча.
У 14:50 "Беларусь 3" пакажа сольны канцэрт беларускай выканаўцы Улады "Мой горад", зняты Белтэлерадыёкампаніяй да навагодніх свят.
У 16:10 эфір працягнуць "Вечары на хутары ля Дзіканькі" (СССР, 1961) легендарнага Аляксандра Роу. У тэлегледачоў будзе магчымасць чарговы раз захапіцца ігрой Людмілы Хіцяевай, Георгія Міляра, Сяргея Марцінсона і іншых вялікіх акцёраў.
Святочны вечар на канале "Беларусь 3" працягнуць выдатныя фільмы. У 17:15 гледачы змогуць адправіцца на "Вакзал для дваіх" (СССР, 1982) дзе сустрэнуцца з упадабанымі героямі Эльдара Разанава ў выкананні Людмілы Гурчанкі і Алега Басілашвілі. А ў 21:15 Алег Янкоўскі і Міхаіл Аграновіч прапануюць кінакарціну "Прыходзь на мяне паглядзець" (Расія, 2000). Нечаканыя сустрэчы і драматычныя растанні, камедыя становішчаў і напал гарачых пачуццяў - у гэтых фільмах ёсць усё!
Заставайцеся ў калядныя святы разам з каналамі Белтэлерадыёкампаніі, дзе кожны знойдзе праграмы і фільмы даспадобы!













