Прэс-рэліз
Да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з 30 кастрычніка па 6 лістапада пройдзе “Юбілейны тыдзень”. Увазе слухачоў будуць прапанаваныя вершы класіка і радыёспектаклі паводле яго твораў, а таксама тэматычныя праграмы з удзелам коласазнаўцаў і сваякоў пісьменніка.
Якуб Колас разам з Янкам Купалам з’яўляецца заснавальнікам найноўшай беларускай літаратуры. У сусветную літаратуру Якуб Колас увайшоў як беларускі Гамер, стваральнік нацыянальнай “Іліяды” і “Адысеі”, бо менавіта так называе крытыка знакамітыя паэмы класіка - “Новая зямля” і “Сымон-музыка”.
Паэзія і проза, драматургія і публіцыстыка Коласа непарыўна звязаны з жыццём народа. Сваёй творчасцю ён фактычна складае мастацкі летапіс гістарычнай эпохі і філасофіі жыцця простага чалавека. Якуб Колас – стваральнік дзівосных вобразаў маляўнічых беларускіх краявідаў, якія вабяць сваім непараўнаным хараством і чаруюць даўнімі легендамі. Яго любоў да сваёй зямлі - мяккая і некрыклівая - спараджае працяг гэтага пачуцця ў новых пакаленнях маладых беларусаў.
У фондах Беларускага радыё захоўваецца вельмі шмат самых розных мастацкіх работ паводле паэм, вершаў, п’ес, казак, апавяданняў і аповесцей народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
На працягу “Юбілейнага тыдня” ў 22:05 у “Тэатры Беларускага радыё” можна будзе паслухаць радыёпастаноўкі твораў класіка. 30 і 31 кастрычніка слухачы пачуюць аповесць “Дрыгва”, а таксама інсцэніраванае апавяданне “Нёманаў дар”, 1 і 2 лістапада - радыёспектакль “На прасторах жыцця” паводле аднайменнай аповесці і казку “Крыніца”. Радыёспектакль “Новая зямля” і кампазіцыя “Зямлі і небу пакланюся” будуць прапанаваныя ўвазе слухачоў 3 і 4 лістапада. 5 і 6 лістапада прагучыць радыёспектакль “Рыбакова хата” паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа.
Вершы класіка будуць гучаць на працягу тыдня ў штодзённым праекце “Паэтычны эцюд” у 20:17, а інфармацыйная праграма “Літаратурны калейдаскоп” у 11:55 пазнаёміць слухачоў з асноўнымі юбілейнымі падзеямі.
2 лістапада ў 21:05 праект “Творчы вечар з Галінай Шаблінскай” таксама будзе прысвечаны 135-годдзю Якуба Коласа. Яго тэма - “На скрыжалях жыцця і творчасці класіка”. Удзельнікамі праграмы стануць коласазнаўцы, музейшчыкі і сваякі пісьменніка.












