На Першым нацыянальным - “Юбілейны тыдзень” Аўгуста Мілаванава

10.06.2017
Да 80-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Аўгуста Мілаванава ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з 12 па 18 чэрвеня пройдзе “Юбілейны тыдзень”. Увазе слухачоў будуць прапанаваны спектаклі з удзелам знакамітага акцёра.

Прэс-рэліз

Да 80-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Аўгуста Мілаванава ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з 12 па 18 чэрвеня пройдзе “Юбілейны тыдзень”. Увазе слухачоў будуць прапанаваны спектаклі з удзелам знакамітага акцёра.

Аўгуст Мілаванаў скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (курс народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Арлова). Пачынаў працаваць у Валгаградскім абласным тэатры імя Максіма Горкага, Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Але галоўнай тэатральнай сцэнай яго творчага лёсу стаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, у якім ён раскрыў свой шматгранны талент. Гледачы помняць і яго вострахарактарныя драматычныя ролі, і створаныя ім вобразы у філасофска-іранічнай манеры, і адкрытых, душэўных па сваім складзе натур.

Сярод лепшых роляў Мілаванава можна згадаць Зурыко (“Я, бабуля, Іліко і Іларыён” Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ), Гэлі Гэя (“Што той салдат, што гэты” Б. Брэхта), Герастрата (“Забыць Герастрата” Р. Горына), Тату (“Зацюканы апостал” А. Макаёнка), Вяршылу (“Мудрамер” М. Матукоўскага), Ромула (“Ромул Вялікі” Ф. Дзюрэнмата), Тэўе (“Памінальная малітва” Р. Горына паводле твораў Шолам-Алейхема) ды іншыя. За ролю міністра ўзгадненняў Вяршылы ў спектаклі “Мудрамер” у 1988 Аўгусту Мілаванаву была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.

Таксама ў творчым актыве артыста – цікавыя ролі ў кіно, радыё- і тэлеспектаклях. 20 гадоў Аўгуст Лазаравіч выкладаў майстэрства акцёра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

На працягу “Юбілейнага тыдня” ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць спектаклі і пастаноўкі з яго ўдзелам.

12 і 13 чэрвеня можна будзе праслухаць радыёкампазіцыю спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Дзівак” (Абдурахман) паводле п’есы Назыма Хікмета.

14 чэрвеня адбудзецца радыёспектакль “Была вайна народная” (Карпаў) паводле п’есы Арсенія Ястрабава.

15 і 16 чэрвеня ўвазе слухачоў будзе прапанавана радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Зацюканы апостал” (Тата) паводле п’есы Андрэя Макаёнка.

17 і 18 чэрвеня завершыць “Юбілейны тыдзень” радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Мудрамер” (Вяршыла) паводле п’есы Мікалая Матукоўскага.