Прэс-рэліз
10 лістапада праект Агенцтва тэленавін "Макаёнка, 9" падзеліцца эксклюзівам з гледачамі канала "Беларусь 1". Гасцямі суботняга шоу гэтым разам стануць вядомая тэнісістка Арына Сабаленка і папулярны рэп-выканавец Feduk.
Напрыканцы гэтага спартыўнага сезона першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка была прызнаная навічком года паводле версіі Жаночай тэніснай асацыяцыі. Дваццацігадовая тэнісістка сёлета заваявала два тытулы на турнірах катэгорыі "Прэм'ер" у Нью-Хейвене і Ухані, а таксама паднялася ў рэйтынгу ВТА з канца першай сотні на 11-е месца.
Аўтарам праекта "Макаёнка, 9" цудам удалося заспець Арыну Сабаленку дома, у Мінску, і запрасіць на здымкі. Ужо ў гэтую суботу гледачы даведаюцца, як яна дасягнула такіх неверагодных вышынь за такі кароткі час. Таксама Арына раскажа пра любоў да іншых спартыўных дысцыплін і Кітая. Дарэчы, прама ў студыі "600 метраў" тэнісістка паспрабуе сябе ў новым відзе спорту, а кампанію ёй складзе нязменны вядучы шоу Яўген Перлін.
З музычным падарункам на "Макаёнка, 9" зазірне знакаміты расійскі рэп-выканавец Feduk, які выступіць разам з вучаніцамі адной з мінскіх школ.
Нагадаем, вячэрняе шоу "Макаёнка, 9" выходзіць кожную суботу ў 20:00. Гледачоў "Беларусь 1" чакаюць самыя гарачыя і незвычайныя навіны за мінулы тыдзень, запраўленыя жартамі ў фармаце stand up і жывой музыкай у выкананні гурта “Агонь Аркестр".













