"На кручку" - новы выпуск праекта АТН "Спецыяльны рэпартаж"

13.08.2018

Прэс-рэліз

16 жніўня ў эфіры галоўнага тэлеканала краіны выйдзе новы фільм Агенцтва тэленавін з цыкла "Спецыяльны рэпартаж" - "На кручку". Здымачная група АТН здзейсніла рэйд па азёрах Беларусі і гатовая распавесці гледачам аб праблемах, якія ляжаць на "паверхні" азёр, што аддадзеныя ў арэнду для прамысловай лоўлі.

Штогод у Беларусь прыязджаюць турысты з розных куткоў свету, каб адпачыць, пазнаёміцца са славутасцямі, культурай, і, вядома, парыбачыць. У краіне налічваецца больш за дзесяць тысяч азёр, частку якіх аддалі пад арганізацыю прамысловай лоўлі, што выклікае асаблівую турботу.

na-kruchke

Тэма арэндных азёр мае вялікі рэзананс сярод беларусаў, таму зараз распрацоўваецца праект унясення змяненняў і дапаўненняў у Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Так, напрыклад, са спісу вадаёмаў, якія ў арэндзе, могуць знікнуць тыя, што размешчаны на тэрыторыі населеных пунктаў. А рыбалка на азёрах будзе бясплатнай да таго моманту, пакуль арандатар не добраўпарадкуе тэрыторыю.

"Нам спатрэбілася амаль 2 месяцы для збору і апрацоўкі вялікай колькасці інфармацыі па гэтай тэме. Пасля на працягу сямі дзён мы з раніцы і да позняй ночы знаходзіліся на здымачных лакацыях. Азёры выбіралі самастойна, адсочваючы водзывы на спецыялізаваных сайтах і форумах. Уся складанасць у тым, што выязджаць на месца падзей прыходзілася без папярэджання арандатараў і дамаўляцца аб здымцы ўжо ў шляху. У рамках праведзенага рэйду мы пабывалі на азёрах Доўжа ў Пастаўскім раёне, Чарэшля ў Навагрудскім раёне, Лактышы ў Ганцавіцкім раёне і многіх іншых", - расказала аўтар фільма "На кручку" Ксенія Лебедзева.

na-kruchke

Наколькі арандатары сёння гатовыя не толькі зарабляць, але і берагчы народны набытак, гледачы тэлеканала "Беларусь 1" даведаюцца ў чацвер, 16 жніўня, пасля "Панарамы".