На конкурс лагатыпа для дзіцячага "Еўрабачання-2018" паступіла больш за 300 работ

16.11.2017
Больш за 300 электронных і паштовых лістоў з розных краін паступіла для ўдзелу ў адкрытым конкурсе распрацоўкі сімволікі для дзіцячага "Еўрабачання-2018".

Прэс-рэліз

Больш за 300 электронных і паштовых лістоў з розных краін паступіла для ўдзелу ў адкрытым конкурсе распрацоўкі сімволікі для дзіцячага "Еўрабачання-2018", аб'яўленым медыяхолдынгам.

Нагадаем, згодна з ўмовамі конкурсу, усе ахвотнікі маглі прапанаваць уласныя праекты па дызайне эмблемы, а таксама яркі дэвіз на англійскай мове для песеннага еўрапейскага форуму, які пройдзе ў Мінску ў лістападзе будучага года. Галоўная ўмова конкурсу - унікальнасць і арыгінальнасць.

На адрас Белтэлерадыёкампаніі ўжо прыйшло больш за 300 лістоў з праектамі лагатыпа і слогана не толькі ад жыхароў Беларусі, але і ад прадстаўнікоў блізкага і далёкага замежжа. Белтэлерадыёкампанія дзякуе ўсім за актыўнасць і творчы падыход і працягвае прымаць заяўкі ад удзельнікаў конкурсу.

Тым часам у рамках падрыхтоўкі да дзіцячага "Еўрабачання-2017" афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам Старшыні Белтэлерадыёкампаніі Іванам Эйсмантам 19 лістапада адправіцца ў Тбілісі. Наша канкурсантка Хелена Мерааі ўжо знаходзіцца там і разам з вядомымі беларускімі артыстамі і музычнымі калектывамі ўдзельнічае ў культурных мерапрыемствах горада ў рамках дзён беларускай культуры, якія праводзяцца ў Грузіі.