На "Беларусь 3" - прэм'ера праекта "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака"

24.05.2017
29 мая ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" стартуе новы арыгінальны праект "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака". Тэлегледачы сацыякультурнага канала ўбачаць цыкл фільмаў-партрэтаў пра тое, як жывуць, пішуць і пра што мараць сучасныя майстры.

Прэс-рэліз

29 мая ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" стартуе новы арыгінальны праект "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака". Тэлегледачы сацыякультурнага канала ўбачаць цыкл фільмаў-партрэтаў пра тое, як жывуць, пішуць і пра што мараць сучасныя майстры.

Галоўным героем прэм'ернай серыі праекта стане вядомы беларускі мастак Анатоль Кузняцоў. Ён напісаў больш за тысячу палотнаў, якія ўражваюць і захопліваюць дух. "Каларыстычныя прасторы", "Белая сюіта", "Вібрацыі святла", "Вяртанне ў Егіпет", "Метафара забытых ісцін" - асноўныя серыі работ майстра, пра якія гавораць ва ўсім свеце.

Неацэнны ўклад Анатоля Кузняцова ў мастацтва прызнаны на дзяржаўным узроўні: мастак з'яўляецца лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Першы выпуск "Майстэрні" распавядзе гісторыю станаўлення Анатоля Кузняцова як мастака-беспрадметніка, а таксама пра тое, што павінна адбыцца з майстрам, каб з рэалізму ён сышоў у нефігуратыўны жывапіс.

Дарэчы, работы Кузняцова знаходзяцца не толькі ў беларускіх музеях, галерэях і прыватных калекцыях - творы яго пэндзля можна сустрэць у Латвіі, Германіі, Італіі, Японіі, ЗША, Расіі, у тым ліку ў Траццякоўскай галерэі.

Героем другога выпуску праекта, які гледачы ўбачаць 5 чэрвеня, стане Аляксандр Касцючэнка - галоўны мастак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

У будучых серыях новага праекта гледачы змогуць не толькі ўбачыць, як ствараецца сапраўднае мастацтва, але і даведацца шмат дзіўных фактаў і незвычайных гісторый, напрыклад, хто са знакамітых беларускіх майстроў быў адлічаны з мастацкага вучылішча за прафнепрыдатнасць і чые карціны хутка з'явяцца ў падручніках па гісторыі.

Праект "Майстэрня. Гісторыя аднаго мастака" будзе выходзіць у эфіры "Беларусь 3" кожны панядзелак у 19:50.