На "Беларусь 3" час студэнцкага кіно

03.11.2017
У рамках сумеснай акцыі з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" тэлеканал "Беларусь 3" прапануе ўвазе гледачоў студэнцкія працы беларускіх рэжысёраў.

Прэс-рэліз

У рамках сумеснай акцыі з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў і Нацыянальнай кінастудыяй "Беларусьфільм" тэлеканал "Беларусь 3" прапануе ўвазе гледачоў студэнцкія працы беларускіх рэжысёраў.

З 10 лістапада кожную пятніцу вечарам гледачы сацыякультурнага тэлеканала змогуць убачыць студэнцкія фільмы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў за ўсе гады яе існавання.

"Мы даем магчымасць гледачу паглядзець карціны маладых, якія дзесяцігоддзямі ляжалі незапатрабаванымі. Гэта фільмы студэнтаў нашых выдатных рэжысёраў і педагогаў: Віктара Турава, Міхаіла Пташука, Аляксандра Яфрэмава, Маргарыты Касымавай, а таксама працы студэнтаў ужо новага пакалення педагогаў", - распавяла кіраўнік тэлеканала "Беларусь 3" Наталля Марынава.

Упершыню будучых кінарэжысёраў у Акадэміі мастацтваў народны артыст Беларусі Віктар Тураў набраў у 1994 годзе. Выпусціўшы першы курс рэжысёраў мастацкага фільма для Беларусі, нібы прадчуваючы, што часу ў яго застаецца не так шмат, вядомы майстар кіно адразу ж набраў другі курс. Усяго 6 шчасліўчыкам пашанцавала трапіць у вучні да знакамітага рэжысёра. У 1996 годзе Віктара Цімафеевіча не стала, але эстафету падхапіў і завяршыў яго справу народны артыст Беларусі, кінарэжысёр Аляксандр Яфрэмаў.

Папярэднічаць прагляду кінастужак будзе праграма "Час кіно". Вядучы - акцёр, сцэнарыст, рэжысёр, дэкан кафедры экранных мастацтваў БДАМ, прафесар кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Павел Іваноў. Ён не толькі бліжэй пазнаёміць гледачоў з канкрэтнымі фільмамі выпускнікоў БДАМ, але і ацэніць іх вартасці і недахопы, распавядзе пра час, калі здымалася стужка, як склаўся лёс яе стваральнікаў. Некаторыя рэжысёры студэнцкіх фільмаў стануць героямі праграмы і будуць запрошаныя ў студыю, каб самім прадставіць свой фільм або працы сваіх сакурснікаў і калег.

Так, 10 лістапада ў дэбютным выпуску госцем праграмы "Час кіно" стане выпускніца курса майстэрні Віктара Турава і Аляксандра Яфрэмава БДАМ, рэжысёр Ірына Волах, якая прапануе свае студэнцкія працы "Рандэву" і "Шукальнікі скарбаў".

Кароткаметражныя фільмы Ірыны Волах, якія і адкрыюць лінейку студэнцкага кіно на "Беларусь 3", гледачы змогуць убачыць адразу пасля праекта "Час кіно" ў 23:20.

Дарэчы, у студэнцкага кіно свой глядач, папулярнасць такіх фільмаў у свеце расце. Кінаманы любяць яго за дзёрзкасць і адвагу, бо маладога рэжысёра не прываблівае камерцыйны поспех карціны і не гнятуць аўтарытэты кінакласікаў.