На "Беларусь 2" - "Час моцных"

07.09.2018

Прэс-рэліз

8 верасня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 2" адбудзецца прэм'ера дакументальнага фільма "Час моцных". Карціна распавядае пра герояў новага часу, якія не толькі правяраюць сябе, але і шануюць памяць загінуўшых у апошняй вайне. Паказ кінастужкі вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі прымеркаваны да Дня горада Мінска.

Штогод пад Лагойскам праходзіць унікальнае мерапрыемства - пешы комплексны марафон па перасечанай мясцовасці "Сцежка мужнасці". На старт выходзяць ад 100 да 500 чалавек. Удзельнікі за 20-30 гадзін з мінімальнай амуніцыяй пераадольваюць дыстанцыі ў 30, 70 і 100 км. Летам 2018 г. "Беларусь 2" далучыўся да мерапрыемства ў якасці інфармацыйнага партнёра, шырока асвятляючы ход марафону. Вынікам працы стаў фільм "Час моцных".

"Сцежка мужнасці" праходзіць па тэрыторыі, якая ўшчыльную прылягае да Мінска, у гады Вялікай Айчыннай там была беспрэцэдэнтная шчыльнасць партызанскіх атрадаў, а мясцовае насельніцтва аказала настолькі жорсткае супраціўленне захопнікам, што сведчанні гэтай барацьбы можна знайсці і сёння. Марафонцы ідуць партызанскімі сцежкамі па ландшафце з перападамі вышынь у 350 м.

"Сярод тых, хто адважыўся на гэтае нялёгкае выпрабаванне, аказаўся і Яўген Маркевіч. Гэты ўнікальны чалавек з бязмежнымі магчымасцямі пакарыў дыстанцыю ў 30 км, і складана здагадацца пра тое, што ён насамрэч невідушчы", - гаворыць аўтар фільма "Час моцных" Ксенія Луцкіна.

Карціна распавядае пра людзей, якія правяраюць сябе і адно аднаго на сумленнасць, прыхільнасць маралі і прынцыпам, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Бо хтосьці адправіўся ў дарогу дзеля пераадолення фізічных страхаў, хтосьці змагаецца з унутранымі бар'ерамі, а для кагосьці гэта выдатная магчымасць праверыць сябе, таварышаў і экіпіроўку. Аднак усіх аб'ядноўвае адно - жаданне прайсці сцежкай памяці і мужнасці нашых продкаў. "Мой дзед дайшоў да Берліна, няўжо я не прайду 100 км?", - гаворыць адзін з пастаянных удзельнікаў марафону.

Прэм'еру дакументальнага фільма "Час моцных" тэлегледачы "Беларусь 2" убачаць 8 верасня ў 9:15.