12 жніўня на галоўным канале краіны стартуе новы праект Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі "Усё як мае быць!". Журналісты АТН пакажуць, якія магчымасці і перавагі з'явяцца перад жыхарамі Беларусі і Кітая пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму. Асаблівы акцэнт у праекце зроблены на турыстычную, прамысловую, спартыўную, гістарычную і культурную сферы жыцця абедзвюх краін.
"Усё як мае быць!" - цыкл з васьмі хранікальна-дакументальных фільмаў, галоўная задача якіх - паказаць гледачам дружалюбнасць і падабенства беларускага і кітайскага народа, а таксама прадэманстраваць выгадныя бакі ўзаемнага двухбаковага супрацоўніцтва. Падзеі ў праекце паралельна разгорнуцца на тэрыторыі Беларусі і Кітая", - адзначае адзін з аўтараў праекта Ян Пашкевіч.
Цыкл распавядзе аб прыродных багаццях, культурна-гістарычнай спадчыне, аб запаведніках і палацах, аб унікальных традыцыях беларускай і кітайскай кухні, экалагічным турызме, а таксама дасягненнях і сумесных праектах нашых краін.
Кожны выпуск прысвечаны дэталёваму аналізу асобных сфер і кірункаў жыцця дзяржаў. Напрыклад, серыя пра спорт высокіх дасягненняў распавядзе і пакажа, як сталіцы дзвюх краін рыхтуюцца да правядзення найбуйнейшых кантынентальных і міжнародных стартаў: Мінск - да II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе, Пекін - да XXIV зімовай Алімпіяды ў 2022.
Прагучыць у фільмах і тэма малой радзімы. Аўтары раскажуць пра факультэт па вывучэнні беларускай мовы, які з'явіўся ў Паднябеснай, традыцыйныя кітайскія храмы, узорныя вёскі часоў старшыні Маа, а таксама пра малую радзіму вялікіх людзей.
Сваімі ўражаннямі аб жыцці ў Кітаі і Беларусі ў выпусках "Усё як мае быць!" падзеляцца іншаземцы, якія калісьці пераехалі ў адну з краін.
Прэм'ера новага праекта АТН "Усё як мае быць!" стартуе ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" 12 жніўня ў 9:50. Гледачы ўбачаць дзве першыя серыі цыкла.













