Прэс-рэліз
13 чэрвеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі пакажа новы выпуск летняга сезона праекта "Спецыяльны рэпартаж" "Асобы сусветнай палітыкі" пра вядомых палітычных дзеячаў сучаснасці.
Жорсткі графік навін часта не дазваляе расказаць пра закулісныя інтрыгі на палітычнай арэне. У новым выпуску "Спецыяльнага рэпартажу" карэспандэнты Агенцтва тэленавін не стануць акцэнтаваць увагу на дыпламатычных адносінах паміж краінамі, а раскажуць пра факты, якія радавы глядач ніколі не даведаўся б са звычайнага сюжэта.
"Мы паспрабавалі прыгледзецца да двух яркіх прадстаўнікоў розных геаграфічных і палітычных частак свету, прааналізавалі ўсё пра іх: і свецкую хроніку, і часам скупыя заявы ў СМІ... Мы часта бачым іх з экранаў тэлевізараў, услухоўваемся ў іх словы, абмяркоўваем іх рашэнні, аналізуем учынкі, чытаем пікантныя падрабязнасці, але хто яны - людзі, якія робяць сусветную гісторыю, персоны, якія вырашаюць лёсы цэлых народаў?", - задаецца пытаннем адзін з аўтараў фільма "Асобы сусветнай палітыкі" журналіст АТН Анатоль Ліпецкі.
13 чэрвеня ў цэнтры ўвагі "Спецыяльнага рэпартажу" будуць звычайныя людзі, з іх звычкамі і ўчынкамі, якія здзіўляюць, а часам і шакіруюць грамадскасць. У "Асобах сусветнай палітыкі" гледачы змогуць даведацца таямніцы пра Ангелу Меркель, што стаіць за рэзкімі бескампраміснымі выказваннямі Дональда Трампа і многае іншае.
Аўтары праекта разглядаюць рашэнні палітычных тытанаў па абодва бакі акіяна і разважаюць наконт таго, хто адказны за тое, што адбываецца на планеце.
Фільм "Асобы сусветнай палітыкі" гледачы тэлеканала "Беларусь 1" убачаць у аўторак адразу пасля "Панарамы".
Нагадаем, з 6 чэрвеня праект "Спецыяльны рэпартаж" выходзіць у новым фармаце - з абноўленай графічнай упакоўкай і арыгінальным рэжысёрскім падыходам да здымак, аднак па-ранейшаму ўзнімае самыя вострыя і актуальныя тэмы сучаснага свету, адкрыта гаворыць пра цікавыя падзеі і інтрыгі, якія актыўна абмяркоўваюцца як на кухні, так і на інтэрнэт-пляцоўках.












