Прэс-рэліз
29 кастрычніка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" адбудзецца прэм'ерны паказ меладрамы "Каралева прыгажосці". Стужка раскажа аб няпростым лёсе савецкай правінцыялкі, якая насуперак усяму едзе ў Маскву, каб ажыццявіць сваю мару - працаваць манекеншчыцай.
Прыгажосць простай вясковай дзяўчыны Кацярыны Пановай пакарыла свет. Яна стала тварам савецкай моды 60-ых гадоў і першай манекеншчыцай, прызнанай на Захадзе. Рускай прыгажуні апладзіравалі Парыж і Прага, прэса называла яе "нацыянальным набыткам СССР", а дома яе чакалі савецкая рэчаіснасць, зайздрасць, інтрыгі, рэўнасць і трагічнае каханне.
Дзеянне пачынаецца ў 1961 годзе. У невялікай падмаскоўнай вёсцы жыве сям'я Пановых. Бацька Міхаіл раўнуе жонку да даўняга мінулага. Падставай з'яўляецца яго дачка-прыгажуня Каця, якая зусім не падобная на яго, у адрозненне ад яе сястры Любы. Каця не прызнае ўсіх мясцовых кавалераў. Яна верыць, што ёй наканаваны іншы лёс. Яе запаветная мара - стаць манекеншчыцай і адправіцца ў Парыж. Пасля чарговага скандалу з бацькамі Кацярына вырашае ажыццявіць сваю мару. Яна адпраўляецца ў Маскву і просіць дапамогі ў маладога паспяховага мадэльера Вені Кротава, у ролі якога вядомы беларускі акцёр Павел Харланчук. Мадэльер вырашае даць шанц вясковай дзяўчыне і ўладкоўвае яе дэманстратарам адзення.
За кароткі час Каця становіцца вядучай манекеншчыцай Дома мод. Калі яе фатаграфія з'яўляецца ў газеце, Кацю знаходзіць журналіст-міжнароднік Фелікс Круцкі. Ён шукаў яе з тых часоў, як убачыў на танцах у вясковым клубе. І, нягледзячы на тое, што бацькі выбралі яму ў жонкі іншую дзяўчыну - вядомую маладую кінаактрысу Мар'яну Нячаеву, ролю якой выканала вядомая расійская актрыса, спявачка і тэлевядучая Анастасія Задарожная, Фелікс прызначае Кацярыне спатканне. Чым скончыцца для Каці цудоўная казка? Ці вытрымае яе каханне выпрабаванне славай?
У серыяле таксама здымаліся Павел Прылучны, Карына Андоленка, Уладзімір Жарабцоў, Валерыя Кажэўнікава, Себасцьян Сісак і іншыя.
Першая серыя меладраматычнага серыяла "Каралева прыгажосці" выйдзе на "Беларусь 1" у 10:20 і 18:35.












