"Музыка маіх перамог" прынесла беларусам 7 месца на дзіцячым "Еўрабачанні-2016"

21.11.2016
Галоўная інтрыга дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" вырашылася. 20 лістапада на Мальце адбылося фінальнае шоу.

Прэс-рэліз

Галоўная інтрыга дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" вырашылася. 20 лістапада на Мальце адбылося фінальнае шоу.

Пераможцам песеннага форуму стала 10-гадовая Марыям Мамадашвілі з Грузіі. Прадстаўнік Беларусі Аляксандр Мінёнак з песняй "Музыка маіх перамог" заняў 7 месца, набраўшы 177 балаў. Усяго ў прэстыжным музычным форуме прынялі ўдзел юныя таленты з 17 краін.

Нагадаем, упершыню пераможцу Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" вызначалі тры склады журы: нацыянальныя дзіцячае і дарослае журы, а таксама міжнароднае прафесійнае журы.

Прамую трансляцыю конкурсу вялі тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24", а таксама афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі - tvr.by. Анлайн-трансляцыю на партале медыяхолдынга глядзелі каля 20 тысяч чалавек, пры гэтым 47 % карыстальнікаў выкарысталі для прагляду мабільныя прылады.

У групе "Еўрабачання" ў сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" непасрэдна падчас конкурсу каменціравалі і ўдзельнічалі ў абмеркаванні амаль 2500 чалавек, з якіх 63 % карыстальнікаў з Беларусі, 23 % - з Расіі, 7 % - з Украіны. За 2,5 гадзіны публікацыі ў падтрымку беларускага прадстаўніка Аляксандра Мінёнка набралі 742 лайкі.

Нагадаем, падрыхтоўку беларускага артыста да Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2016" ажыццяўляла Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.