Прэс-рэліз
5 мая 2017 года ў 15:00 на цэнтральнай пляцоўцы ХХI Міжнароднай спецыялізаванай выставы "СМІ ў Беларусі" пройдзе прэзентацыя Беларускага радыё. Першы нацыянальны канал прадэманструе ўдзельнікам і наведвальнікам выставы свой унікальны праект-конкурс на арыгінальнае выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.
Музычна-патрыятычны праект-конкурс "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!" праводзіцца Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё дзеля папулярызацыі дзяржаўнай сімволікі, фарміравання ў грамадстве глыбокай пашаны да гераічнага мінулага і культуры свайго народа, любові да Айчыны і гонару за яе дасягненні.
Для ўдзелу ў праекце былі прыняты 53 заяўкі ў 3 намінацыях: харавое і ансамблевае выкананне, выкананне сола. Сярод удзельнікаў - прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны, вайскоўцы і курсанты, навучэнцы сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў, прафесійныя і аматарскія музычныя калектывы, усяго каля 1 700 чалавек.
Праслухоўванне праходзіла ў два туры ў Вялікай студыі Дома радыё і ацэньвалася прафесійным журы пад старшынствам паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Карызны. Рашэннем журы ўдзельнікі праекта-конкурсу будуць адзначаны дыпломамі. Іх уручэнне адбудзецца падчас прэзентацыі музычна-патрыятычнага праекта-конкурсу "Слаўся, зямлі нашай светлае імя!" на Міжнароднай спецыялізаванай выставе "СМІ ў Беларусі".
Пачатак прэзентацыі і цырымоніі ўзнагароджання ў 15:00 на цэнтральнай пляцоўцы выставы, якая праходзіць у Нацыянальным выставачным цэнтры "БелЭкспа" па праспекце Пераможцаў, 14 у Мінску.













