Прэс-рэліз
Радыё "Беларусь" увесь час атрымлівае зваротную сувязь ад слухачоў з розных краін. У новым сезоне праграмы міжнароднага вяшчання Беларускага радыё загучалі на арабскай мове, і нядаўна радыёстанцыя атрымала першыя водзывы з Туніса, а ў рамках праекта "Гукае ласкай родны край!" анлайн-прывітанне даслалі беларусы з Аргенціны.
Штотыдзень у новым сезоне ў эфіры міжнароднага радыё "Беларусь" па-арабску выходзіць спецыяльны грамадска-палітычны праект "Знаёмцеся: Беларусь!". У рэдакцыю радыё паступіў ліст з Туніса, дзе аўтар Аўні Амар Харбіт выказаў словы падзякі. Ён лічыць, што цудоўная ідэя распавядаць пра Беларусь будзе спрыяць сяброўству не толькі з пэўнымі арабскімі краінамі, але і з усім арабскім светам. Таксама ў лісце слухач прапанаваў зачытваць у эфіры яшчэ больш лістоў і больш шырока выкарыстоўваць беларускую музыку.
Нагадаем, сёння радыё "Беларусь" вяшчае на дзевяці мовах: беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, польскай, французскай, іспанскай, кітайскай і арабскай.
Апроч гэтага, міжнароднае радыё працягвае іміджавую акцыю "Гукае ласкай родны край!". Адгукнулася Таццяна Самусенка з Аргенціны, продкі якой родам з Беларусі. Зараз яна жыве ў рэгіянальнай сталіцы імігрантаў у Берысе, дзе пражываюць не толькі аргенцінскія беларусы, але і грэкі, іспанцы, украінцы, балгары, італьянцы, арабы і іншыя. Яны сфарміравалі свае калектывы і арганізацыі, у якіх займаюцца танцамі, гатуюць нацыянальныя стравы, захоўваюць мову, традыцыі, рамёствы розных краін, адкуль родам.
"З трох гадоў я танцую ў калектыве "Чайка" беларускага клуба "Усход дэ Берыса". Мая сям'я актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці гэтай арганізацыі. Мама прывяла мяне і маіх братоў у гэты клуб, калі мы былі яшчэ дзецьмі, каб мы сталі часткай гэтай выдатнай справы, каб маглі ведаць карані нашых продкаў. Разам мы займаемся разнастайнай дзейнасцю, не толькі танцамі. Мы гатуем традыцыйныя стравы: варэнікі, капусту, галубцы. У 2014 годзе ў мяне была магчымасць пазнаць бліжэй зямлю маіх продкаў - я ўдзельнічала ў мерапрыемстве, якое сабрала беларусаў з усяго свету ў горадзе Мінску, і сёлета я змагла вярнуцца ў Мінск на час водпуску. Гэта было выдатна, бо я даўно марыла павандраваць па Беларусі", - піша Таццяна і перадае прывітанне ўсім слухачам радыё "Беларусь".
Акцыя "Гукае ласкай родны край!" ахоплівае новыя кантыненты. Анлайн-прывітанні сваёй малой радзіме ўжо даслалі беларусы замежжа з Расіі, Польшчы, Германіі, Грузіі, Італіі, Грэцыі, Аўстраліі і ЗША.
Перадаць анлайн-прывітанне могуць усе, хто мае беларускія карані. Гэта можна зрабіць у любым пункце зямнога шара, калі зайсці на афіцыйны сайт міжнароднага радыё "Беларусь" radiobelarus.by і запоўніць спецыяльную форму. Таксама фота- і відэаматэрыялы, ліст або ўспаміны можна адправіць на электронны адрас hellobelarus@gmail.com.
Усе анлайн-прывітанні размяшчаюцца на сайце міжнароднага радыё, а самыя актыўныя і крэатыўныя ўдзельнікі акцыі "Гукае ласкай родны край!" атрымаюць памятныя прызы.












