Міжнароднае радыё “Беларусь” адпраўляецца ў марафон

07.06.2018

Прэс-рэліз

Радыё "Беларусь" правядзе радыёмарафон па розных кутках рэспублікі, прысвечаны Году малой радзімы. Карэспандэнты міжнароднага радыё пабываюць у беларускіх гарадах і пазнаёмяць слухачоў з цікавымі суразмоўцамі і жыхарамі, якія дапамогуць адчуць каларыт мясцовасці. А замежная аўдыторыя атрымае магчымасць больш даведацца пра эканамічнае, сацыяльнае, спартыўнае і культурнае жыццё беларускіх рэгіёнаў.

Адпраўным пунктам радыёмарафону на карце Беларусі стане Наваполацк. Прамысловы гігант, горад моладзі, культурная сталіца Беларусі - 2018 сёлета святкуе 60-годдзе.

Тры дні - 8, 9 і 10 чэрвеня - радыёэфір з 16:00 да 17:00 будзе прысвечаны Наваполацку і яго жыхарам. З рэпартажаў журналістаў радыё “Беларусь” можна будзе даведацца пра міжнародныя стасункі горада, унікальную вытворчасць і распрацоўкі мясцовых вучоных, азнаёміцца з дзейнасцю Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Наваполацкага цэнтра культуры, традыцыямі мясцовай дзіцячай мастацкай школы імя І. Хруцкага і пачуць інтэрв’ю з вядомымі спартсменамі - ураджэнцамі Наваполацка. Героямі гэтых інтэрв’ю стануць паралімпійская чэмпіёнка Святлана Сахоненка і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, чэмпіён свету і сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Вадзім Дзевятоўскі.

Нагадаем, міжнародная радыёстанцыя галоўнага медыяхолдынга замежным слухачам расказвае пра падзеі ў нашай краіне на 9 мовах (беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, польскай, кітайскай і арабскай) - кругласутачна анлайн праз інтэрнэт-сайт www.radiobelarus.by, у FM-дыяпазоне на тэрыторыі Беларусі і ў суседніх краінах, а таксама праз спадарожнік.