Інфармацыйнае паведамленне
10 верасня тэлеканал "Беларусь 5" у прамым эфіры пакажа трэці Мінскі паўмарафон, прысвечаны 950-гадоваму юбілею з дня заснавання горада. Вялікае спартыўнае свята збярэ вакол сябе як прафесійных бегуноў, так і аматараў бегу. У грандыёзным мерапрыемстве прымуць удзел каля 30 000 чалавек не толькі з Беларусі, але і іншых краін свету. Белтэлерадыёкампанію ў забегу сёлета прадставяць вядомыя тэлевядучыя, журналісты, каментатары.
Гледачы "Беларусь 5" стануць відавочцамі маштабнага спартыўнага свята ў прамым эфіры. Так, у эфіры тэлеканала будуць паказаныя старты дыстанцый 10,55 і 5,5 км у 09:50, старт дыстанцыі 21,097 км - у 12:20. У 14:00 у прамой трансляцыі пакажуць узнагароджанне пераможцаў у абсалютным заліку на дыстанцыі 21,097 км.
Традыцыйна ўдзел у забегу прымаюць журналісты і супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі. Так, у складзе зорнай каманды Dream team 2017 - намеснік дырэктара Агенцтва тэленавін, тэлевядучая Вікторыя Сянкевіч і журналіст АТН Яўген Перлін.
"Нягледзячы на тое што я займаюся іншым відам спорту, на ўдзел у паўмарафоне згадзіўся без роздуму, тым больш што пабягу ўжо трэці раз. Дасягнуць выніку, праверыць сябе, падтрымаць спартыўнае мерапрыемства, матываваць іншых - дзеля гэтага і варта бегчы. Неверагодна зараджае падтрымка людзей, якія знаходзяцца ўздоўж дыстанцыі, іх настрой, адчуванне драйву і адрэналіну. Апошнія тыдні перад забегам імкнуся наведваць трэніроўкі, сачыць за харчаваннем, высыпацца. З-за сваёй загружанасці не заўсёды атрымліваецца знайсці час для фізічнай падрыхтоўкі, але думаю, што і гэтым разам дыстанцыю 10 км я прабягу з задавальненнем. Яшчэ планую рабіць прамыя ўключэнні і стрымы на Мінскім паўмарафоне", - распавёў Яўген Перлін.
У складзе каманды АТН галоўны медыяхолдынг краіны на Мінскім паўмарафоне прадставяць Ілона Красуцкая, Анастасія Багамолава, Надзея Сербіненка, Таццяна Нікіціна. Дарэчы, удзельнічаць у забегу будуць не толькі тэлевядучыя, але і карэспандэнты, аператары, рэжысёры.
Для спартыўнага каментатара "Беларусь 5" Ганны Любянковай паўмарафон стане трэцім. Сёлета на старт дыстанцыі ў 10,55 км яна выйдзе з экшн-камерай, каб зняць самыя яркія моманты. Незвычайны рэпартаж ад першай асобы гледачы "Беларусь 5" убачаць у праграме "PRO спорт. Вынікі тыдня" 10 верасня ў 21:55.












