Матч моладзевай зборнай Беларусі па футболе ў прамым эфіры на "Беларусь 5"

31.08.2017
1 верасня спартыўны тэлеканал "Беларусь 5" пакажа ў прамым эфіры матч кваліфікацыйнага раўнда моладзевага чэмпіянату Еўропы па футболе - 2019 з удзелам зборнай Беларусі.

Прэс-рэліз

1 верасня спартыўны тэлеканал медыяхолдынга пакажа ў прамым эфіры матч кваліфікацыйнага раўнда моладзевага чэмпіянату Еўропы па футболе - 2019 з удзелам зборнай Беларусі, фінальныя паядынкі сусветнага першынства па дзюдо, а таксама прапануе прамую трансляцыю планетарных спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы.

У пятніцу ў 18:55 "Беларусь 5" пачне трансляцыю з гарадскога стадыёна ў Барысаве, дзе ў рамках кваліфікацыйнага раўнда моладзевага Еўра-2019 зборная Беларусі (U-21) сустрэнецца з аднагодкамі з Грэцыі (U-21). Нагадаем, каманда Людаса Румбутыса ў стартавым матчы кваліфікацыі з цяжкасцю адолела зборную Сан-Марына (U-21) - 1:0. Для грэкаў гэтая гульня стане першай на групавой стадыі еўраадбору.

Адразу пасля заканчэння футбольнага матча на спартыўным канале запланаваны прамы эфір з італьянскага Пезара, дзе гэтымі днямі праходзіць чэмпіянат свету па мастацкай гімнастыцы. Па традыцыі беларускія грацыі заўсёды ўваходзяць у лік фаварытаў на любым турніры, таму балельшчыкам варта чакаць яркага выступлення нашай каманды. Пачатак трансляцыі ў 21:00.

У 10:55 у прамым эфіры на "Беларусь 5" стартуюць папярэднія схваткі чэмпіянату свету па дзюдо. Спартыўны тэлеканал запрашае аматараў адзінаборстваў уважліва сачыць за ўсімі паядынкамі, у 16:35 "Беларусь 5" пакажа фінальныя спаборніцтвы, дзе будуць разыграныя медалі.