Прэс-рэліз
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна" пройдзе сёлета сямнаццаты раз. 2 і 3 чэрвеня на галоўных канцэртных пляцоўках цудоўнага горада будуць арганізаваныя канцэртныя праграмы, шматлікія творчыя сустрэчы, далучыцца да якіх змогуць і гледачы тэлеканала "Беларусь 3". Увазе тэлеаўдыторыі будуць прапанаваныя ўрачыстае адкрыццё фестывалю, фінал конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні і канцэрт-закрыццё.
Гісторыя фестывалю "Маладзечна" пачалася ў 1993 годзе. За гэты час форум паспеў заваяваць прызнанне шматлікай аўдыторыі і стаць маштабнай музычна-паэтычнай падзеяй Беларусі. Лейтматывам цяперашняга фестывалю стане 135-годдзе з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры - Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Далучыцца да яркай культурнай падзеі прапануе сваім гледачам тэлеканал "Беларусь 3".
Так, 3 чэрвеня ў 21:30 гледачы сацыякультурнага канала ўбачаць урачыстае адкрыццё XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2017", у рамках якога адбудзецца прэм'ера канцэрта "Купала і Колас. Вы нас гадавалі" заслужанага калектыва "Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі" пад кіраваннем народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Саюзнай дзяржавы прафесара Міхаіла Фінберга.
4 чэрвеня ў 21:00 у эфір выйдзе фінал Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які па традыцыі штогод праходзіць у рамках фестывалю і з'яўляецца яго галоўнай падзеяй. Удзел у творчым спаборніцтве прымаюць самыя таленавітыя артысты з усіх абласцей краіны.
5 чэрвеня ў 21:05 увазе гледачоў будзе прапанаваны канцэрт-закрыццё XVII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2017" з удзелам заслужанага калектыва рэспублікі - легендарнага ансамбля "Сябры" - і зорак беларускай эстрады.
Апроч гэтага, з 2 па 4 чэрвеня тэлегледачы "Беларусь 3" змогуць сачыць за падзеямі фестывалю ў спецыяльных выпусках праграмы "Калейдаскоп. Навіны культуры". Творчая група праекта ўжо 31 мая адправіцца ў Маладзечна, дзе пачне здымкі сюжэтаў, а таксама запіша эксклюзіўныя інтэрв'ю з гасцямі і арганізатарамі падзеі.













