“Маладыя таленты Беларусі” выступяць у суправаджэнні сімфанічнага аркестра

13.01.2017
21 студзеня канал “Беларусь 3” пакажа тэлевізійную версію канцэрта фіналістаў VI Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”.

Прэс-рэліз

21 студзеня канал “Беларусь 3” пакажа тэлевізійную версію канцэрта фіналістаў VI Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі”. Гэтым разам медыяхолдынг дасць магчымасць юным выканаўцам выступіць на адной сцэне з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі. Здымкі гэтага цудоўнага канцэрта адбудуцца 14 студзеня ў студыі “600 метраў”.

Нагадаем, з верасня па снежань 2016 г. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё шосты раз паспяхова ажыццяўляў праект “Маладыя таленты Беларусі”, прысвечаны Году культуры.

radio1.jpg

Удзельнікамі радыёконкурсу гэтым разам пажадалі стаць 295 канкурсантаў, сярод якіх 168 - у намінацыі "Эстрадны вакал", 103 - "Інструментальная музыка, салісты", 24 - у намінацыі "Спадчына". Прадэманстраваць свае таленты змаглі музыканты з розных куткоў Беларусі: Мінска, Магілёва, Бабруйска, Салігорска, Полацка, Гродна, Маладзечна, Гомеля і іншых гарадоў.

Лепшыя адораныя юнакі і дзяўчаты атрымалі каштоўныя прызы ад Белтэлерадыёкампаніі, але галоўным падарункам для іх, безумоўна, стала магчымасць паўдзельнічаць у арыгінальным сумесным праекце тэлеканала “Беларусь 3” і Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.

14 студзеня генеральны прадзюсарскі цэнтр медыяхолдынга правядзе запіс канцэрта “Маладыя таленты Беларусі” з удзелам сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Вячаслава Чарнуха-Воліча. У музычнай вечарыне прагучаць вакальныя і інструментальныя нумары лаўрэатаў і прызёраў конкурсу, якія зацікавяць як аматараў класікі, так і прыхільнікаў народнай і папулярнай музыкі.

21 студзеня ў 13:55 вялікі канцэрт фіналістаў радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” змогуць убачыць гледачы “Беларусь 3”. Паўтор выйдзе ў эфір 23 студзеня ў 18:40.