Лепшае дакументальнае кіно - у эфіры "Беларусь 24"

09.02.2018
З 13 лютага міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24" пачне кінапаказ новых дакументальных фільмаў пра знакамітых вынаходнікаў Беларусі - таленавітых навукоўцаў і людзей мастацтва, чые лёсы здзіўляюць і захопліваюць перыпетыямі на іх жыццёвым шляху.

Прэс-рэліз

З 13 лютага міжнародны спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь 24" пачне кінапаказ новых дакументальных фільмаў пра знакамітых вынаходнікаў Беларусі - таленавітых навукоўцаў і людзей мастацтва, чые лёсы здзіўляюць і захопліваюць перыпетыямі на іх жыццёвым шляху.

Пачнецца кінапаказ у аўторак з прэм'еры дакументальнага фільма "Соф'я Кавалеўская. Дылемы вялікай жанчыны" ў 21:15. Многім знаёмыя адкрыцці Соф'і Кавалеўскай, але мала хто ведае пра яе асабістае жыццё. Яна вырасла ў Віцебскай губерні, і менавіта ў Беларусі пачаўся яе няпросты шлях у "мужчынскі" свет дакладных навук. Фільм прысвечаны не толькі яе ўпартай барацьбе за навуковае прызнанне, але і каханню, бясконцай празе жыцця, непрытворнай цікавасці да людзей і свету. Гэтыя якасці зрабілі яе ўнікальнай асобай у гісторыі навукі, і менавіта іх адзначалі ў Соф'і тыя, хто быў знаёмы з ёй асабіста, - ад Фёдара Дастаеўскага да караля Швецыі.

Наступны дакументальны фільм "Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі" прысвечаны вялікаму беларускаму інжынеру, які жыў яшчэ ў XVII стагоддзі. У той час пра яго талент хадзіла нямала чутак і таямніц. Шматлікія запісы пасля містычнай смерці Казіміра Семяновіча проста зніклі, але кніга па артылерыі паспела перавярнуць тагачаснае ўяўленне пра вайну. Унікальныя чарцяжы зрабілі эфект бомбы, што разарвалася. Дакументальная кінастужка з цыкла "Сто імёнаў Беларусі" пакажа, што сучасныя беларусы ведаюць пра дзіўныя ідэі свайго суайчынніка. Фільм "Казімір Семяновіч. Вялікае мастацтва артылерыі" гледачы тэлеканала "Беларусь 24" змогуць убачыць 14 лютага ў 21:15.

"Якуб Наркевіч-Ёдка. Утаймавальнік маланак, або Электрычны чалавек" - яшчэ адзін фільм з цыкла "Сто імёнаў Беларусі". 15 лютага ў 21:15 гэтая дакументальная стужка распавядзе гісторыю знакамітага беларускага вынаходніка. У канцы XІХ стагоддзя імя Наркевіча-Ёдкі ведала ўся Еўропа. Член-супрацоўнік Імператарскага інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, Фізіка-матэматычнага таварыства Галілея ў Фларэнцыі, Французскага электратэрапеўтычнага таварыства пры Парыжскай акадэміі навук, беларускі ўрач і вынаходнік мог паставіць дыягназ, зірнуўшы на электраграфічны здымак чалавека. У Беларусі Якуб Наркевіч-Ёдка адкрыў санаторый, дзе лячыў пацыентаў атмасфернай электрычнасцю, сонечнай энергіяй і нават музыкай. Сучасныя навукоўцы лічаць, што ён на цэлае стагоддзе апярэдзіў навуку свайго часу.

Завершыць кінатыдзень дакументальная кінастужка "Міхаіл Савіцкі. Сказаць без слоў…" пра народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій СССР, БССР і Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэна Апостала Андрэя Першазванага. З яго імем звязана развіццё сучаснага беларускага жывапісу. За 66 гадоў творчай дзейнасці Міхаіл Андрэевіч стварыў вядомую ва ўсім свеце калекцыю высокаідэйных, патрыятычных твораў, якія з'яўляюцца гонарам беларускай культуры. Яго карціна "Партрэт Васіля Быкава" прызнаная лепшай на адной з усесаюзных выстаў, дзве карціны - "Партызанская мадонна" і "Поле" - увайшлі ў выданне "Сто шэдэўраў Траццякоўкі". Фільм пра жыццё беларускага мастака тэлеканал "Беларусь 24" пакажа 18 лютага ў 18:45.