Прэс-рэлiз
10 красавіка на "Беларусь 5" стартуе цыкл дакументальных фільмаў "Легенды сусветнага спорту". Стужкі, знятыя вытворцамі з розных краін свету і перакладзеныя Белтэлерадыёкампаніяй на беларускую мову, раскажуць пра таленавітых атлетаў, каманды і клубы, якія неаднаразова дасягалі выдатных вынікаў на міжнароднай арэне і сталі значнымі фігурамі ў свеце спорту.
Пераможцы Алімпійскіх гульняў, шматразовыя чэмпіёны свету і Еўропы, трыумфатары найбуйнейшых турніраў. Майкл Фелпс, Роджэр Федэрэр, Усейн Болт, Крыштыяну Раналду, Ліянель Месі і іншыя сёння не маюць патрэбы ў прадстаўленні. Адданыя заўзятары ва ўсім свеце ведаюць пра іх дасягненні, рэкорды і ўзнагароды.
Праект "Легенды сусветнага спорту" закліканы расказаць тэлегледачам пра першыя поспехi, узмоцненыя трэніроўкi, неймаверную сілу волі і цярністыя шляхi да залатых медалёў і жаданых кубкаў. Акцэнт у фільмах робіцца на невядомых момантах, эпізодах і фактах з жыцця знакамiтых атлетаў.
Аўтары дакументальнага цыкла звяртаюцца да архіўных і біяграфічных звестак, інтэрв'ю, каментарыяў спецыялістаў з мэтай даць тэлегледачам больш дэталёвы і насычаны партрэт таго ці іншага атлета, каманды або клуба. Напрыклад, мала хто ведае ці памятае, што з 51 матча, праведзенага Майкам Тайсанам на прафесійным рынгу, 21 ён скончыў накаўтам у першым раўндзе.
Творчая група тэлеканала "Беларусь 5" адабрала з цыкла "Легенды сусветнага спорту" самыя цікавыя гісторыі, пераклала iх на беларускую мову і адаптавала для айчыннай аўдыторыі. Варта адзначыць, што некаторыя выпускі будуць прысвечаны і беларускім спартсменам. Голасам праекта стаў самы вядомы спартыўны каментатар Белтэлерадыёкампаніі і ўсяго айчыннага тэлебачання Уладзімір Навіцкі.
Цыкл дакументальных фільмаў "Легенды сусветнага спорту" будзе выходзіць на "Беларусь 5" у вячэрнім эфіры ў аўторак і чацвер, а таксама раніцай - у сераду і пятніцу.













