Прэс-рэліз
6 снежня на тэлеканале "Беларусь 5" стартуе новы дакументальны цыкл "Легенды спорту: беларускія гісторыі". Ён раскажа пра чэмпіёнаў і таленавітых айчынных спартсменаў, якія яшчэ нядаўна радавалі перамогамі на буйных спаборніцтвах або працягваюць выступаць, але ўжо сталі сапраўднымі легендамі ў свеце спорту.
Пераможца Алімпіяды ў фрыстайле Аляксей Грышын, лепшы бамбардзір беларускага футбола Раман Васілюк, алімпійскі чэмпіён па дзюдо Ігар Макараў… Гэтыя беларускія спартсмены вядомыя і балельшчыкам, і радавому гледачу. Усім вядома пра дасягненні спартсменаў, іх рэкорды і ўзнагароды, але не кожны ведае, як атлет прыйшоў да таго, каб яго называлі легендай. Новы праект у эфіры тэлеканала "Беларусь 5" раскажа пра першыя крокі ў спорце, пра тое, хто прайшоў са спартсменам цярністы шлях да п’едэстала, пра іх сем'і і першых трэнераў.
Першы фільм дакументальнага цыкла "Легенды спорту: беларускія гісторыі" будзе прысвечаны сярэбранаму прызёру Алімпіяды-2012 у Лондане, бронзаваму прызёру Гульняў-2016 у Рыа Аляксандры Герасімені. Бацькі Віктар і Аксана Герасімені падзеляцца, як будучая чэмпіёнка прыйшла ў плаванне, як не ладзіла з вадой і што магло прывесці да трагедыі ў дзяцінстве. Журналісты медыяхолдынга даведаліся, што Аляксандра Герасіменя ў дзяцінстве ўдзельнічала ў "Славянскім базары" ў складзе танцавальнага ансамбля і як, калі стала дарослай, перажыла допінг-скандал, а таксама пераадолела цяжкасці падрыхтоўкі да дзвюх алімпіяд. Муж спартсменкі Яўген Цуркін адкрыта раскажа гледачам, як пазнаёміўся з Аляксандрай і зрабіў ёй прапанову выйсці замуж.
Здымачная група праекта таксама сустрэлася з трэнерамі Аляксандры Герасімені, а сёння яна сама з'яўляецца трэнерам і безумоўным лідарам зборнай. У дакументальным фільме "Легенды спорту: беларускія гісторыі" 6 снежня ў 14:45 гледачы даведаюцца, ці замахнецца залатая рыбка на залаты алімпійскі медаль. А 7 снежня ў 16:45 сваю гісторыю гледачам "Беларусь 5" распавядзе бронзавы прызёр Алімпіяды-2012 у Лондане Любоў Чаркашына.
Акрамя таго, заўтра спартыўны тэлеканал медыяхолдынга прапануе балельшчыкам прамую трансляцыю заключнага матча чарговай выязной серыі мінскага "Дынама" ў КХЛ супраць "Нафтахіміка" з Ніжнякамска ў 18:50. А таксама "Беларусь 5" пакажа традыцыйны анлайн гульнявога дня Лігі чэмпіёнаў УЕФА ў 22:45.












