"Культура" запрашае слухачоў у Музей валуноў

23.07.2018

Прэс-рэліз

26 ліпеня канал "Культура" Беларускага радыё і Беларускае грамадскае аб'яднанне экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў на чале са старшынёй Мікалаем Чырскім правядуць сумесную летнюю акцыю - вячэрнюю прагулку ва ўнікальны музей пад адкрытым небам, на якую запрашаюцца ўсе радыёслухачы канала.

Сустрэча пачнецца ў 19:00 у сталічным Музеі валуноў, размешчаным у мікрараёне Уручча. Музей шматвяковых гігантаў ледніковага перыяду з розных куткоў краіны маўкліва захоўвае таямнічыя гісторыі. Дарэчы, калі паглядзець на гэты ўчастак плошчай 7 га з вышыні, то можна будзе ўбачыць контуры беларускіх меж…

У самы разгар лета, а разам з тым і летняга музычнага эфіру, канал "Культура" запрашае сваіх слухачоў правесці незабыўны вечар у кампаніі майстра экскурсійнай справы Мікалая Чырскага, які распавядзе мноства займальных легенд і фактаў, звязаных са старажытнымі валунамі і не толькі.

Таксама на сустрэчы будуць прысутнічаць творчыя працаўнікі канала "Культура", з якімі радыёслухачы змогуць пагутарыць у нефармальнай атмасферы.

Запісацца на ўнікальную экскурсію ўсе ахвотнікі могуць на афіцыйным сайце канала "Культура" www.radiokultura.by або па тэлефоне рэдакцыі +375(17) 284-84-11