"Культура" праводзіць радыёконкурс на лепшую п'есу

11.04.2018
Канал "Культура" Беларускага радыё пры ўдзеле Цэнтра беларускай драматургіі пачаў прыём заявак на конкурс сучаснай п'есы "Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі".

Прэс-рэліз

Канал "Культура" Беларускага радыё пры ўдзеле Цэнтра беларускай драматургіі дзяржаўнай установы "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі" пачаў прыём заявак на конкурс сучаснай п'есы "Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі".

Конкурс на лепшую п'есу для прафесійных драматургаў і пісьменнікаў-пачаткоўцаў аб’яўлены ў рамках праекта "Радыётэатр канала "Культура".

Аўтарам ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшым у заяўленых для конкурсу работах прапаноўваецца разгледзець наступныя тэмы: "Моладзь і вечныя каштоўнасці: сучасны погляд", "Моладзь і сямейныя каштоўнасці", "Дыялог культур у сучасным свеце". Творы могуць быць на рускай і беларускай мовах.

"Упэўнены, што ў Беларусі нямала таленавітых сучасных аўтараў, і мэта нашага конкурсу - адкрыць новыя імёны ў айчыннай драматургіі. Аднак удзельнікам неабходна ўлічваць спецыфіку радыёвяшчання, таму апісанні і дзеянні п'есы павінны быць зразумелыя для ўспрымання на слых", - адзначае намеснік дырэктара канала "Культура" Уладзімір Трапянок.

Сваю заяўку і творчую работу ўдзельнікі конкурсу "Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі" могуць да 15 ліпеня 2018 года накіраваць на адрас: 220029, г. Мінск, вул. Чырвоная, 4 і па электроннай пошце kulturakonkurs@radio.tvr.by з пазнакай "Конкурс сучаснай радыёп'есы". Вынікі конкурсу будуць падведзены да 30 ліпеня.

Лепшую работу выбера прафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць спецыялісты ў сферы драматургіі, тэатра і радыёвяшчання, у тым ліку прадстаўнікі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Твор-пераможца прагучыць у эфіры канала "Культура" Беларускага радыё. Ролі ў радыёспектаклі, пастаўленым паводле п'есы, выканаюць прафесійныя акцёры мінскіх тэатраў.

З Палажэннем аб конкурсе і яго правіламі можна азнаёміцца на сайце канала "Культура" www.radiokultura.by.