Конкурс сучаснай п'есы канала "Культура": да канца прыёму заявак застаўся месяц!

15.06.2018

Прэс-рэліз

Канал "Культура" Беларускага радыё пры ўдзеле Цэнтра беларускай драматургіі дзяржаўнай установы "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі" працягвае прымаць заяўкі на конкурс сучаснай п'есы "Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі".

Нагадаем, конкурс на лепшую п'есу для прафесійных драматургаў і пісьменнікаў-пачаткоўцаў аб’яўлены ў рамках праекта "Радыётэатр канала "Культура".

Аўтарам ва ўзросце ад 16 гадоў і старэйшым у заяўленых для конкурсу працах прапануецца разгледзець наступныя тэмы: "Моладзь і вечныя каштоўнасці: сучасны погляд", "Моладзь і сямейныя каштоўнасці", "Дыялог культур у сучасным свеце". Творы могуць падавацца як на беларускай, так і на рускай мове.

"Удзельнікам неабходна ўлічваць спецыфіку радыёвяшчання, дзе ўсё ўспрымаецца на слых. У сувязі з гэтым асноўнае дзеянне і канфлікт павінны быць заснаваныя на дыялогах. У крытэрыях конкурсу ёсць абмежаванне: дапускаецца не больш як 8 дзеючых асоб, а аб'ём п'есы павінен перавышаць 40 старонак", - падкрэсліў намеснік дырэктара канала "Культура" Уладзімір Трапянок.

Сваю заяўку і творчую працу ўдзельнікі конкурсу "Беларускі радыётэатр у ХХІ стагоддзі" могуць да 15 ліпеня 2018 года накіраваць па адрасе: 220029, г. Мінск, вул. Чырвоная, 4 і па электроннай пошце kultura_konkurs@radio.tvr.by з пазнакай "Конкурс сучаснай радыёп'есы".

Вынікі конкурсу будуць падведзены да 30 ліпеня.

Лепшую працу вызначыць прафесійнае журы, у склад якога ўвойдуць спецыялісты ў сферы драматургіі, тэатра і радыёвяшчання, у тым ліку прадстаўнікі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

Спектакль па творы-пераможцу прагучыць у эфіры канала "Культура", а ролі ў ім па традыцыі літаратурна-мастацкага вяшчання Беларускага радыё выканаюць прафесійныя акцёры сталічных тэатраў.

З палажэннем аб конкурсе і яго правіламі можна азнаёміцца на сайце канала "Культура" www.radiokultura.by