Інфармацыйнае паведамленне
19 кастрычніка ў эфір тэлеканала "Беларусь 1" вяртаецца праект Агенцтва тэленавін "Клуб рэдактараў". У студыі Белтэлерадыёкампаніі будуць збірацца не толькі галоўныя рэдактары самых аўтарытэтных беларускіх СМІ, але і эксперты ў розных сферах, каб весці шчыры дыялог без купюр пра найважнейшыя і актуальныя грамадска-палітычныя падзеі ў краіне і ў свеце.
Вядучым праграмы "Клуб рэдактараў" па-ранейшаму будзе Генадзь Давыдзька. Ён жа з'яўляецца аўтарам ідэі праекта, які ўжо 8 гадоў уяўляе сабою галоўную дыскусійную пляцоўку для акул пяра лепшых масмедыя краіны.
У тэлесезоне 2018/2019 сачыць за гарачымі дыскусіямі ў "Клубе рэдактараў" гледачы "Беларусь 1" змогуць кожную пятніцу адразу пасля "Панарамы". У нядзелю ў 15:30 можна будзе ўбачыць паўтор, а таксама можна пачуць аўдыяверсію на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё пасля выпуску навін у 17:10.
У новых выпусках праекта тэмы для абмеркавання будуць разнастайнымі - надзённымі, гучнымі і значнымі, у тым ліку самымі вострымі і скандальнымі.
Усё тое, пра што пісалі на гэтым тыдні беларускія і замежныя СМІ і што абмяркоўвалі іх чытачы, удзельнікі "Клуба рэдактараў" прааналізуюць 19 кастрычніка ў 21:50 на "Беларусь 1".













