Канал “Культура” падвёў вынікі конкурсу сучаснай п’есы

10.08.2018

Прэс-рэліз

Конкурс сучаснай п’есы “Беларускі радыётэатр у XXI стагоддзі”, які праводзіў канал “Культура” Беларускага радыё сумесна з Цэнтрам беларускай драматургіі, падышоў да лагічнага завяршэння - пераможца абраны, і хутка ў эфіры з’явіцца новы радыёспектакль з удзелам акцёраў мінскіх тэатраў.

Нагадаем, удзельнікам творчага спаборніцтва арганізатары прапанавалі тэмы: “Моладзь і вечныя каштоўнасці: сучасны погляд”, “Моладзь і сямейныя каштоўнасці”, “Дыялог культур у сучасным свеце”.

“У п’есах розных жанраў аўтары ўзнімаюць пытанні ўзаемаадносін сучасных падлеткаў, станаўлення асобы, пошуку сябе ў глабалізаваным свеце, грамадзянскай і асабістай адказнасці перад сям’ёй і радзімай. Дасланыя работы ахапілі ўсе заяўленыя тэмы”, - паведаміў намеснік дырэктара канала “Культура” Уладзімір Трапянок.

Удзельнікамі конкурсу сталі прадстаўнікі розных узростаў са сталіцы і рэгіёнаў Беларусі. Сярод іх Васіль Ткачоў (г. Гомель), Ягор Конеў (г. Мінск), Дзмітрый Чарняўскі (г. Гомель), Сяргей Клімковіч (г. Мінск), Алеся Шынкевіч (г. Мінск), члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Зінаіда Дудзюк (г. Брэст), Фёдар Палачанін (г. Докшыцы) і іншыя.

“Кампетэнтнае журы, складзенае са спецыялістаў радыёвяшчання, тэатра і драматургіі, па выніках адбору найлепшай п’есай назвала “Танец з рапірай” Ягора Конева. Гэта гісторыя пра дзяўчыну, якая дасягае мары ўзысці на спартыўны алімп. Да канца года па п’есе будзе пастаўлены радыёспектакль з удзелам прафесійных акцёраў мінскіх тэатраў. Трансляцыя аўдыятвора адбудзецца на канале “Культура”, пасля радыёспектакль папоўніць фонд Беларускага радыё”, - абвясціў вынікі конкурсу Уладзімір Трапянок.

Таксама высокую ацэнку журы атрымала п’еса Васіля Ткачова “Мелодыя глінянай скрыпкі”. Ёй прысуджаны спецыяльны дыплом радыёконкурсу.