Канал “Культура” Беларускага радыё святкуе 15-годдзе!

30.12.2016
Пазыўныя канала “Культура” Беларускага радыё ўпершыню прагучалі ў эфіры 1 студзеня 2002 года. 15 гадоў канал актыўна развіваецца і ўдасканальваецца.

Прэс-рэліз 

Пазыўныя канала “Культура” Беларускага радыё ўпершыню прагучалі ў эфіры 1 студзеня 2002 года. 15 гадоў канал актыўна развіваецца і ўдасканальваецца, а яго нязменным дэвізам застаюцца словы: “Мы выбіраем вечныя каштоўнасці”. Увесь 2017 год “Культура” плануе напоўніць сюрпрызамі і святочнымі акцыямі для сваіх прыхільнікаў і верных радыёслухачоў.

На постсавецкай прасторы канал “Культура” Беларускага радыё ў свой час быў адзіным такім спецыялізаваным радыёканалам. Спачатку эфір складаўся ў асноўным з фондавых матэрыялаў, буйных музычных і літаратурна-мастацкіх твораў.

Сёння ў эфіры гучаць інфармацыйныя, забаўныя, навукова-папулярныя, музычныя, літаратурныя праграмы. Над імі працуюць не толькі штатныя журналісты, але і запрошаныя аўтары-эксперты: філолагі, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы, культуролагі, музыканты. 

Канал “Культура” Беларускага радыё больш за астатнія радыёстанцыі надае ўвагу папулярызацыі літаратурнай спадчыны. На яго хвалях у выкананні артыстаў мінскіх тэатраў гучаць лепшыя творы беларускіх аўтараў, а таксама выдатнейшыя ўзоры сусветнай літаратуры.

Беларускае радыё плённа супрацоўнічае з Еўрапейскім Вяшчальным Саюзам. У эфіры “Культуры” гучаць лепшыя канцэрты сусветна вядомых выканаўцаў, і слухачы віртуальна могуць апынуцца ў лепшых канцэртных залах Еўропы. Адпаведна ў абменным фондзе ЕВС знаходзяцца запісы лепшых беларускіх канцэртаў, з якімі могуць пазнаёміцца меламаны ў іншых краінах.

Канал «Культура» адрадзіў радыёвяшчанне для дзяцей. У студыю запрашаюцца таленавітыя юныя беларусы, кіраўнікі творчых дзіцячых калектываў, спецыялісты па педагогіцы і псіхалогіі. Акрамя таго, журналісты, што спецыялізуюцца на дзіцячым вяшчанні, арганізавалі шэраг адмысловых праектаў. У 2010 годзе беларускія дзеці ўдзельнічалі ў Міжнародным творчым конкурсе ЕВС “Скарбы прабабулінага куфэрка”. Звыш ста работ школьнікаў былі накіраваныя ў Прагу.

У 2012 годзе прайшоў першы Рэспубліканскі радыёконкурс юных чытальнікаў «Паэтычны ветразь», прымеркаваны да юбілеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка і аб’яўленага Года кнігі. А сёлета другое творчае спаборніцтва было прысвечана юбілеям Максіма Багдановіча і Кандрата Крапівы. Па выніках конкурса, прысвечанага ў тым ліку і 15-годдзю канала “Культура”, былі ўзнагароджаныя дыпломамі і памятнымі падарункамі школьнікі з Мінска, Вілейкі, Ашмян, Ліды, Маладзечна, Мазыра, Жодзіна і іншых гарадоў. 

Пасля навагодніх свят канал “Культура” з нагоды юбілею падрыхтаваў нямала падарункаў для сваіх даўніх аматараў, бо гэта і іх свята. Са сваімі вернымі слухачамі вядучыя канала плануюць сустракацца ў 2017-м яшчэ больш часта. Дырэкцыя канала і яго кіраўнік Сяргей Макарэй прадоўжаць цудоўную традыцыю выязных сустрэч у гарадах, якія носяць пачэснае званне “Культурнай сталіцы Беларусі”. У мінулыя гады журналісты пабывалі ў Гродне, Брэсце, Маладзечне.

Пад знакам юбілею ў новым годзе адбудзецца шмат сустрэч у Вялікай студыі Дома радыё, куды прыйдуць павіншаваць канал “Культура” іх сябры і таленавітыя артысты. Запланаваныя выязныя акцыі, святочныя канцэрты, якія стануць сапраўднымі сюрпрызамі для слухачоў і пакуль што трымаюцца ў сакрэце. Вядома, што адзін з першых такіх праектаў выйдзе ў эфір ужо ў студзені.

Сачыце за радыёэфірам канала “Культура” і не ўпусціце магчымасць павіншаваць любімае радыё з 15-годдзем!