Прэс-рэліз
17 мая ў 19:00 у канцэртнай зале "Мінск" адбудзецца святочны канцэрт "Опера Гала", прысвечаны 15-годдзю канала "Культура" Беларускага радыё. Любімыя старонкі опернай класікі прагучаць пры ўдзеле акадэмічнага хору і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам дырыжора Вячаслава Воліча.
Майскім вечарам на сцэне выступяць зоркі беларускай оперы: народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна (сапрана), Наталля Акініна (меца-сапрана) і Ілья Сільчукоў (барытон).
Гледачы пачуюць папулярныя арыі і аркестравыя нумары з самых вядомых і любімых сусветных опер В.А.Моцарта, Д.Расіні, Д.Вердзі, Д.Пучыні, Р.Шчадрына, А.Барадзіна, П.Чайкоўскага і А.Залётнева.
Дырыжыраваць аркестрам будуць Юрый Караваеў і Уладзімір Авадок.
Канал "Культура" на працягу доўгіх гадоў папулярызуе дасягненні беларускай выканальніцкай школы, а таксама рэгулярна адпраўляе ў Сусветны абменны канцэртны фонд запісы канцэртаў з Вялікай студыі Дома радыё, Белдзяржфілармоніі і Вялікага тэатра Беларусі.
Дарэчы, лепшыя беларускія канцэрты становяцца даступнымі меламанам з 73 краін свету, якія, як і Белтэлерадыёкампанія, з'яўляюцца членамі Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза і маюць магчымасць абменьвацца паміж сабою творчым кантэнтам.
"Опера Гала" - сумесны праект творчых калектываў Белтэлерадыёкампаніі і салістаў беларускай оперы - таксама прадставіць нашу краіну ў рамках сістэмы абмену Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза.












