“Калыханка” пазнаёміць з новай нянькай

29.11.2016
1 снежня маленькіх гледачоў і герояў “Калыханкі” чакае сустрэча з новай нянькай. Ролю нянькі Палінкі ў дзіцячай праграме на канале “Беларусь 3” будзе выконваць маладая актрыса Вераніка Пляшкевіч.

Прэс-рэліз

1 снежня маленькіх гледачоў і герояў “Калыханкі” чакае сустрэча з новай нянькай. Ролю нянькі Палінкі ў дзіцячай праграме на канале “Беларусь 3” будзе выконваць маладая актрыса Вераніка Пляшкевіч.

“Нашто нам нянька? - расхваляваліся малыя гарэзы. - Нестар вучыць, дзядуля Дабрадзей вучыць, Феечка таксама павучае! А тут яшчэ і нянька пачне?!”

З 1 снежня ў новых выпусках “Калыханкі” ў ролі нянькі Палінкі з’явіцца актрыса Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Вераніка Пляшкевіч. Малыя лялечныя героі праграмы вырашылі наладзіць праверку новенькай, каб сама ад іх уцякла. Што толькі ні рабілі: і кнопку на крэсла падкладалі, і соль замест цукру ў кубачак падсыпалі - але нічога не напалохала госцю. Праверку юных свавольнікаў яна прайшла на ўсе сто! Да таго ж новая нянька аказалася такой выдумшчыцай і фантазёркай, якіх свет не бачыў. Яна не саромеецца быць смешнай і зусім не падобная да тых сур’ёзных нянек, якіх уяўлялі сабе малыя...

Няня из Калыханки.jpg

Пасля знаёмства становіцца зразумела, што менавіта пра такую няньку яны і марылі ўсё жыццё. Аўтары праекта спадзяюцца, што новая нянька Палінка спадабаецца не толькі героям “Калыханкі”, але і маленькім гледачам праграмы. Можна не сумнявацца, што прыгоды і сюрпрызы ў Калыханачнай краіне будуць яшчэ больш цікавымі.

Нагадаем, любімая дзіцячая праграма выходзіць у эфір штодзённа на канале “Беларусь 3” у 20:40.